Беларуская Служба

Усю суму для Наталлі Дулінай сабралі за некалькі гадзін

10.07.2025 08:16
Былая палітзняволеная Наталля Дуліна ўчора звярнулася па дапамогу.
Наталля ДулінаСкрыншот/YouTube

Экс-дацэнтка кафедры італьянскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, былая палітзняволеная Наталля Дуліна ўчора звярнулася па дапамогу, збор у яе падтрымку быў аб'яўлены на платформе «Байсол», паведамляе Наша Ніва.

Дуліна папрасіла беларусаў сабраць ёй €5000 на жыллё на першыя некалькі месяцаў і вырашыць праблемы са здароўем, паколькі мае патрэбу ў пратэзаванні зубоў.

«Фактычна я адрэзаная ад свайго ранейшага жыцця, а каб пачаць новае, неабходная дапамога», — піша жанчына.

Неабходныя пяць тысяч еўра сабралі за лічаныя гадзіны. Сёння раніцай было сабрана больш за 5600 еўра.

Наталлю Дуліну ў 2020 годзе, пасля ўдзелу ў агульнанацыянальным страйку, звольнілі з працы ў МДЛУ. Яна пяць разоў падвяргалася адміністрацыйным арыштам па 14 або 15 сутак за палітычную актыўнасць.

3-га кастрычніка 2022 года яе затрымалі па крымінальных артыкулах па абвінавачаннях у актыўным удзеле ў масавых мерапрыемствах на тэрыторыі МДЛУ і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», чым назвалі інтэрв'ю незалежнаму СМІ. Жанчыне прысудзілі 3,5 гадоў пазбаўлення волі.

Пакаранне яна адбывала ў жаночай калоніі №4 у Гомелі. Калі да заканчэння тэрміну заставалася 6 месяцаў, Дуліну падчас візіту ў Мінск прадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага разам з групай іншых палітвязняў вывезлі ў Літву. Жанчына апынулася ў вымушанай эміграцыі, хоць сама мела намер адбыць тэрмін да канца і пасля таго застацца жыць дома.

Дуліна пенсіянерка, але праз адсутнасць дакументаў не можа атрымліваць сваю пенсію.

«У Беларусь я вярнуцца не магу, гэта небяспечна і можа скончыцца чарговым арыштам. Мне маральна вельмі цяжка, таму што мяне пазбавілі дому, пазбавілі якога-небудзь статусу. Я вызваленая, але ў мяне няма дакументаў, якія даказваюць гэта. Я грамадзянка Беларусі, але не магу там жыць», - піша жанчына.

яс


Вызваленыя палітвязні паведамілі пра жорсткае абыходжанне ў месцах няволі

23.06.2025 08:55
«Скаргі, лісты не выпускаюць, сядзіш толькі ў гэтай камеры. Прыборка чатыры разы на дзень – два разы па гадзіне, дзве па паўгадзіны».