У сумесным артыкуле для італьянскага выдання «Il Foglio» Святлана і Сяргей Ціханоўскія распавялі пра патрэбы сучаснай Беларусі. Яны, у прыватнасці, сфакусіравалі ўвагу на важнасці падтрымкі палітвязняў і тых, хто стаў ахвярамі рэжыму.
Беларуская лідарка разам з мужам акрэсліла чатыры канкрэтныя крокі, якія можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб ужо сёння падтрымаць беларускі народ у змаганні за свабоду.
«Па-першае, трэба працягваць ціск на рэжым. Эліце рэжыму і тым, хто ім дапамагае, нельга дазваляць выязджаць за мяжу, інвеставаць або адмываць рэпутацыю, працягваючы парушаць асноўныя правы чалавека ў сябе дома.
Па-другое, любая нармалізацыя адносін павінна звязвацца з канкрэтнымі вынікамі. І пачаць трэба з вызвалення ўсіх палітвязняў. Не толькі некаторых. Не толькі самых вядомых. Усіх.
Па-трэцяе, неабходна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ і дэмакратычныя інстытуты ў выгнанні. Нягледзячы на цяжкасці, у эміграцыі людзі кожны дзень робяць важныя справы, каб прыспешыць змены ў Беларусі.
І, нарэшце, важнасць справядлівасці патрабуе афіцыйнага прызнання. Беспакаранасць толькі заахвочвае новыя злачынствы. Беларусы, што пацярпелі, заслугоўваюць праўды, справядлівасці і, урэшце, прымірэння».
Апроч таго 10 ліпеня Святлана і Сяргей Ціханоўскія правялі закрыты брыфінг, у якім узялі ўдзел амбасадары і прадстаўнікі дыпламатычных місій з больш чым 20 краін. У цэнтры ўвагі брыфінгу — беларускія палітвязні, спосабы дапамогі, а таксама механізмы вызвалення.
Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай/юл