Кніга «Вершы на волю» сабрала паэтычныя творы, напісаныя ва ўмовах турэмнага зняволення, катаргі, лагеру, высылкі, чакання рэабілітацыі і перагляду крымінальных спраў, паведамляе bellit.info.
Храналагічна тэксты абымаюць амаль больш як 100-гадовы перыяд неперарыўнай традыцыі і вымушанага развіцця беларускай турэмнай паэзіі: ад філамацкіх 1820-х, калі ў Вільні былі зняволеныя Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан – аж да гулагаўскай лірыкі асуджаных неўзабаве пасля заканчэння ІІ сусветнай вайны. Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Алесь Гарун, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Ганна Новік і Ларыса Геніюш, Уладзімір Дудзіцкі, Валянцін Таўлай і Максім Танк, – усяго анталогія змяшчае тэксты 35 аўтараў, напісаныя в ўмовах пазбаўлення волі.
Вершы, змешчаныя ў кнізе, адлюстроўваюць эмацыйны стан палітзняволеных паэтаў, іх мары і чаканні, жыццёвыя прынцыпы, але найперш – унутраную свабоду, якой вельмі часта бракавала тым пісьменнікам, якія знаходзіліся па іншы бок закратаванага акна.
Кнігу можна набыць 11–13 ліпеня ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка падчас фестывалю TUTAKA. А таксама праз інтэрнэт-краму Kamunikat.shop.
вх