Беларуская Служба

Як Беларусь абыходзіць санкцыі ЕС на ўгнаенні

16.07.2025 11:28
Нягледзячы на санкцыі ЕС, беларускія азотныя ўгнаенні трапляюць на еўрапейскі рынак. Журналісты выявілі механізмы.
ГроднаАзот screen/http://www.azot.by

У пачатку ліпеня ўступілі ў сілу новыя санкцыі ЕС на ўгнаенні з Расіі і Беларусі, якія ў апошнія месяцы засыпалі Польшчу. Журналісты Беларускага следчага цэнтра сумесна з «Dziennik Gazeta Prawna» і з ініцыятывай «Рабочы рух» выявілі, што ў беларускіх заводаў па вытворчасці азотных угнаенняў ёсць спосабы іх абыходу. Мэта тарыфаў, якія павінны паступова ўзмацняцца да 2028 года, — эфектыўна блакаваць экспарт у ЕС.

Журналісты выявілі, што была створана сетка пасярэднікаў, некаторыя з якіх зарэгістраваны ў Польшчы, напрыклад TST PL sp. z o.o.

Нягледзячы на тое, што санкцыі былі ўведзеныя супраць некалькіх кампаній, якія кантралююцца Беларуссю, рэжым стварыў новыя кампаніі, якія не ўваходзяць у санкцыйны спіс.

Вытворца ўгнаенняў «Гродна Азота» ўнесены ў санкцыйны спіс з 2021 года. Улады Беларусі знайшлі юрыдычныя лазейкі, якія дазваляюць заводу працягваць экспарт.

Быў створаны шэраг кампаній, вядомых як «спецэкспарцёры», праз якіх працягваецца продаж угнаенняў у Еўропу. Напрыклад, гродзенскі райвыканкам заснаваў Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Гріком», якое на паперы стала «незалежным вытворцам», але на практыцы было пракладкай — выдавала азотныя ўгнаенні «Гродна Азоту» за свае ўласныя і прадавала ў ЕС.

Або «Тэхнаспецтрэйдынг», уласнікам якога з’яўляецца грамадзянін Арменіі Армэн Аруцюнян — былы бізнес-партнёр Сяргея Цяцерына. А Цяцерын — гэта сябар і адзін з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі.

Як і «Гріком», «Тэхнаспецтрэйдынг» існаваў як незалежны вытворца толькі на паперы. У рэальнасці прадукцыя выпускаецца ў цэхах «Гродна Азоту». Прынцыповая розніца — гэта маржа. Замест 1% «Тэхнаспецтрэйдынг» пачаў браць ад 19% да 31% да адпускнога кошту «Гродна Азоту».

Кампанія Аруцюняна прадае азотныя ўгнаенні яго замежным фірмам, а тыя ўжо перапрадаюць іх рэальным еўрапейскім пакупнікам. У выніку прыбытак прыблізна ў $140 на тоне ідзе на рахункі прыватных кампаній Аруцюняна, а не ў скарбонку дзяржаўнага «Гродна Азоту».

Выручаныя мільёны ішлі не на развіццё заводу, а між іншага на шыкоўны стыль жыцця датычных да гэтага бізнесу. Кампанія мае гараж люксавых аўтамабіляў — у калекцыі Rolls-Royce Ghost. Для параўнання: рабочы «Гродна Азоту» з заробкам 2000-3000 рублёў павінен амаль 12,5 года адкладаць усе выплаты, каб купіць такое аўто.

Тарыфы ЕС на азотныя ўгнаенні з Беларусі і Расіі плануецца павялічыць да 430 еўра за тону да 2028 года. Аднак цяперашнія дзеянні беларускіх уладаў дэманструюць, што эфектыўнасць гэтых абмежаванняў нездавальняючая.

яс