Паводле Кніжнай палаты Беларусі, у 2024 годзе 80,9% кніг, выдадзеных у краіне, былі на рускай мове, 12,5% — на беларускай, 6,6% — на іншых мовах, — REFORM.news. Траціна беларускамоўных выданняў прыпадае на дзіцячую літаратуру.
Наклад беларускамоўных кніг склаў 3,1 млн асобнікаў, у той час як рускамоўных — 13 мільёнаў. У Палаце гэта тлумачаць арыентацыяй выдавецкага бізнесу на экспарт і «моўную тэрыторыю распаўсюду».
Такія суадносіны захоўваюцца на працягу дзесяцігоддзяў: у сярэднім штогод 80% выданняў выходзяць на рускай мове.
Разам з тым у дзіцячым кнігавыданні беларуская мова прадстаўленая шырэй. У жанры фальклору (казкі) амаль палова кніг выходзіць на беларускай, у дзіцячай прозе — каля 26%.
Кніжная палата падкрэслівае: праз родную мову дзеці засвойваюць духоўную спадчыну і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць.
эж