За год, з ліпеня 2024 па ліпень 2025, у сферы інфармацыі і сувязі стала на 16,8% менш індывідуальных прадпрымальнікаў, звяртае ўвагу belmarket.eu. Гэта рэкорднае змяншэнне сярод усіх відаў дзейнасці, сведчаць звесткі Белстата.
Меры па ўзмацненні жорсткасці працы ІП пачалі прымаць яшчэ некалькі гадоў таму. Калі паглядзець дынаміку з 2022 года, то колькасць ІП у інфармацыі і сувязі знізілася з 14,2 тыс. да 9,1 тыс., гэта значыць на 36 працэнтаў.
Другой галіной, дзе ІП ліквідаваліся найбольш масава, стала зборная катэгорыя «прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць» – сюды ўключаны адвакаты, бухгалтары, кіраўнікі, архітэктары, інжынеры, маркетолагі і даследчыкі і г.д. Тут колькасць ІП за год зменшылася на 12%, а з 2022 года – на 28%.
У меншай меры пацярпела ад узмацнення жорсткасці транспартная галіна – тут за год зменшала ўсяго 1,4% іпэшнікаў, а з 2022 года – 5%.
У цэлым з ліпеня 2024 па ліпень 2025 года ва ўсіх відах дзейнасці колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў зменшылася на 6,3 працэнта – да 229,5 тыс. чалавек. З часу ўвядзення ўзмацнення правілаў у 2022 годзе – на 15,5%.
Нагадаем, з кастрычніка 2024 года індывідуальным прадпрымальнікам забаранілі займацца шматлікімі відамі дзейнасці – застаўся абмежаваны пералік дазволеных варыянтаў. Да гэтага для іпэшнікаў была адменена магчымасць выплаты ПДВ, уведзена забарона на працу пры атрыманні выручкі звыш гадавога ліміту ў 500 тысяч рублёў. А з 2023 года для іх была павялічана стаўка падаходнага падатку з 16 да 20 працэнтаў. Тады ж былі ўведзены абмежаванні па прымяненні адзінага падатку. З 2022 года абмежавалі прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.
вх