Кар'еры ў Ваўкавыскім раёне могуць атрымаць прыродаахоўны статус, расказаў БелТА загадчык сектара запаведнай справы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзімір Усцін. Падрыхтавана ўжо абгрунтаванне для надання статусу геалагічнага помніка прыроды мясцовага значэння крэйдавым кар'ерам пад назвай «Краснасельскія Мальдывы». Цяпер чакаецца рашэнне. Гэта можа заняць каля паўтара месяца.
«Ёсць асноўная задача - захаваць комплекс для наступнага навуковага вывучэння. У нас ёсць шэраг навуковых публікацый. Навукоўцы, біёлагі, батанікі, заолагі даследуюць, як адбываецца першасная сукцэсія на гэтых тэрыторыях (змена адной біялагічнай супольнасці іншай у выніку ўздзеяння чалавека - рэд.). Гэта адзін са спосабаў узнаўлення экасістэм і даволі важны аспект.
Другая прычына - турыстычная. Калі кар'еры будуць помнікам прыроды, гэта дасць магчымасць умерана выкарыстоўваць гэтыя тэрыторыі як для экалагічнага, так і для іншых відаў турызму. Пры гэтым неабходны рацыянальны падыход: трэба будзе вылучыць участкі, пэўныя зоны, дзе можна арганізаваць дадатковыя назіральныя пляцоўкі, размясціць палаткі для кемпінгу», - растлумачыў Усцін.
Акрамя таго, ён адзначыў, што наданне аб'екту такога статусу сведчыць аб яго ўнікальнасці і каштоўнасці: «Гэта дазваляе нам на свае вочы ўбачыць тыя прыродныя рэсурсы, якія ёсць у краіне. У дадзеным выпадку гэта крэйдавыя пароды, узрост якіх – прыкладна 90 млн гадоў”.
нг