Беларуская Служба

Белстат: Цэны на тавары і паслугі працягваюць расці

11.08.2025 13:13
У 2024 годзе Беларусь заняла сёмае месца сярод краін былога СССР па росце цэн — 5,16 %.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: Dzerkach Viktar / Shutterstock.com

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведамляе, што ў ліпені спажывецкія цэны павялічыліся на 0,2 %, а інфляцыя з пачатку года склала 5,6 %.

Найбольш выраслі цэны на паслугі — на 0,7 % (з пачатку года на 6,7 %). Харчовыя тавары падаражэлі на 0,02 % (з пачатку года на 7,3 %), нехарчовыя — на 0,1 % (з пачатку года на 2,4 %).

Паводле зацверджаных прагнозаў, мэтавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе — не больш за 5 %. У 2024 годзе Беларусь заняла сёмае месца сярод краін былога СССР па росце цэн — 5,16 %.

Жорсткае рэгуляванне цэнаў увялі ў кастрычніку 2022 года. Пазней некаторыя групы тавараў выключылі з падпарадкавання правілам. У 2024 годзе вытворцы больш за тысячу разоў звярталіся па дазвол на павышэнне коштаў, выдадзена 572 дазволы.

Дыктатар Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі цэны «найніжэйшыя ў свеце» і патрабуе ад урада новай сістэмы рэгулявання.

эж