Беларуская Служба

Палітыку Мікалаю Статкевічу сёння споўнілася 69 гадоў, ён у зняволенні

12.08.2025 09:31
Сёння Мікалаю Статкевічу споўнілася 69 гадоў. Шосты год запар палітык сустракае дзень народзінаў за кратамі. Лідара сацыял-дэмакратаў асудзілі да 14 гадоў зняволення.
Mikoła Statkiewicz
Mikoła Statkiewiczstatkevich.org

Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года, калі ён ехаў на Камароўку на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.

У снежні 2021 года яго прысудзілі да 14 гадоў зняволення. Статкевіча судзілі разам з Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Дзмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым і Уладзімірам Цыгановічам.

Статкевіч адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, яго ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада – амаль 1000 дзён пра яго няма вестак, няма сувязі з роднымі, адваката не дапускаюць.

З канца 1990-х Мікалай Статкевіч быў старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), ён – арганізатар шматлікіх акцый пратэсту, за што меў дзясяткі адміністрацыйных арыштаў. У 2005 годзе Мікалая асудзілі на 3 гады абмежавання волі за арганізацыю вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму.

Пасля падзей Плошчы-2010, Мікалай Статкевіч, які быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года, атрымаў шэсць гадоў зняволення і быў вызвалены ў жніўні 2015 года праз памілаванне, хаця сам прашэння не пісаў.

Сёлета дэпутат Еўрапейскага парламента Пятрас Аўштравічус зарэгістраваў лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча кандыдатам на прысваенне Нобелеўскай прэміі міру.

вх