Міністэрства абароны Расіі не вызваляе ад службы на ўкраінскім фронце беларускіх наёмнікаў, нават тады, калі тэрмін іх аднагадовых кантрактаў заканчваецца. Гэтую інфармацыю публікуе ўкраінскі праект «Я хачу жыць».
«Многія замежныя грамадзяне, якія свядома заключылі кантракт з УС РФ, былі перакананыя, што падпісваюць тэрміновыя кантракты на адзін год. Але гэта не так. Як і ў выпадку са звычайнымі кантрактнікамі ці мабілізаванымі ў Расіі, камандзіры могуць падаўжаць іх кантракты да завяршэння баявых дзеянняў. І яны паспяхова гэта робяць», — паведамляе праект.
«Ад нашых крыніц мы атрымалі інфармацыю і пайменныя спісы больш за 3000 замежных наёмнікаў з 86 краін свету, у якіх скончыліся кантракты з ВС РФ, але якія былі аўтаматычна падоўжаны. Калі гэтыя наёмнікі і спадзяваліся пакінуць расійскае войска легальна, зрабіць гэта яны змогуць толькі ў труне або без канечнасцяў».
Згодна звесткам праекта «Я хачу жыць», у арміі Пуціна служыць больш за 240 грамадзян Беларусі.
нг