Беларуская Служба

Стала вядома пра першы выпадак выключэння беларускага палітуцекача з базы вышуку Інтэрполу

14.08.2025 14:48
Рэжым Лукашэнкі ўжо спрабуе выкарыстоўваць гэтую міжнародную арганізацыю як інструмент палітычнага пераследу.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц

Святлана Ціханоўская паведаміла, што выключыць беларускага палітуцекача з базы вышуку Інтэрполу стала магчыма, дзякуючы працы юрыдычнай каманды яе офісу.

Рэжым Лукашэнкі ўжо некалькі гадоў спрабуе выкарыстоўваць Інтэрпол як інструмент палітычнага пераследу. Пад сфабрыкаваныя абвінавачанні трапляюць людзі, што ўдзельнічалі ў мірных пратэстах і падтрымлівалі дэмакратычныя перамены. У Мінску ведаюць, што па палітычных артыкулах Інтэрпол не будзе дадаваць людзей у базы вышуку, таму спрабуюць фабрыкаваць крымінальныя справы па эканамічных ці наркатычных артыкулах.

У 2020 годзе Алег (імя зменена з-за бяспекі) удзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыяў выбараў. У 2022-м яго абвясцілі ў вышук, затрымалі, катавалі і канфіскавалі дакументы. Пасля гэтага Алег выехаў з Беларусі і атрымаў абарону ў Польшчы. У 2024-м польская паліцыя затрымала яго па сфабрыкаваным абвінавачанні Інтэрпола. Але польскі суд адмовіўся выдаваць яго рэжыму, прызнаўшы, што яго чакае рэальная пагроза катаванняў, бесчалавечнага абыходжання і парушэння асноўных правоў у Беларусі.

Юрыдычная каманда Офіса падала афіцыйны запыт у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпола (CCF) з поўным пакетам доказаў і юрыдычным абгрунтаваннем.

У выніку:

  • 8 жніўня 2025 года Генеральны сакратарыят Інтэрпола афіцыйна пацвердзіў: Алег больш не знаходзіцца ў базах Інтэрпола.
  • 12 жніўня Камісія CCF замацавала гэты вынік афіцыйным лістом.

«Спробы рэжыму выкарыстоўваць Інтэрпол для пераследу нязгодных – гэта не толькі злоўжыванне міжнародным правам, але і прамая пагроза бяспецы беларусаў у выгнанні. Мы будзем супрацьдзейнічаць гэтаму на кожным этапе і заклікаем звяртацца да нас у падобных выпадках», – сказаў Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях.

вх