У Міністэрстве абароны Расіі і ў Каардынацыйным штабе Украіны ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі паведамілі аб правядзенні чарговага абмену.
Як вынікае з афіцыйных паведамленняў, бакі перадалі адзін аднаму па 84 ваеннапалонных.
«Цяпер расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаюць неабходную псіхалагічную і медычную дапамогу», – адзначылі ў Мінабароны Расіі.
Украінскі бок паведаміў, што сярод вызваленых 33 вайскоўцы і 51 цывільны ўкраінец.
«Амаль усім ім патрэбная медычная дапамога, значная рэабілітацыя. Сярод вызваленых сёння цывільных ёсць і тыя, каго ўтрымлівалі расіяне яшчэ з 2014, 2016 і 2017 гадоў. Сярод вызваленых сёння вайскоўцаў – абаронцы Марыюпалю», – паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Пасярэднікам у абмене выступілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся пра абмены палоннымі і целамі загінулых. Расійскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасць шэсць тысяч целаў украінскіх вайскоўцаў.
Пазней украінскі бок заявіў, што Расея перадае Украіне і «целы расейскіх вайскоўцаў – змешаныя з целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакументы загінулых. У Расіі гэтую заяву пакуль не каментавалі.
svaboda.org/вх