Беларуская Служба

Азараў заявіў пра закрыццё плану «Перамога»

18.08.2025 10:01
Раней у ByPol паведамлялі, што ў чат-боце плана «Перамога» засталіся «дзясяткі і дзясяткі тысяч неабыякавых беларусаў».
Кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараўsvaboda.org

Кіраўнік «Байпола» і руху «Закон і правапарадак» Аляксандар Азараў апублікаваў заяву, у якой паведаміў, што план «Перамога» закрываецца, а ўсіх яго ўдзельнікаў «пераводзяць у рэзерв».

«У мэтах забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў плана «Перамога», у сувязі са стратай доступу да чат-бота плана «Перамога» ў траўні 2024 года і адмовай Святланы Ціханоўскай і Франака Вячоркі вярнуць яго, абвяшчаем пра закрыццё плана «Перамога« да асаблівага распараджэння. Усе ўдзельнікі плана пераведзеныя ў рэзерв», – піша Азараў.

Ён паведаміў, што прызначаныя адказнымі за «рэзерв спецыяльнага, хуткага і аператыўнага прызначэння» Сяргей Макар, адказным за «рэзерв назірання, дакументавання і расследавання» Станіслаў Лупаносаў, за «рэзерв аналітыкі, камунікацый і сувязяў з грамадскасцю, а таксама агульнае кіраўніцтва» Аляксандар Азараў.

Паведамляецца, што рашэнне было ўхваленае па выніках сустрэчы аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol і руху «Закон і правапарадак».

Тыя, хто жадае выдаліцца з чат-бота плана Перамога могуць зрабіць гэта бяспечна паводле інструкцыі Кіберпартызан.

Раней у аб'яднанні апублікавалі інструкцыю для тых, хто хоча бяспечна выдаліць чат-бот плану «Перамога».

«Свабода» нагадвае, што план «Перамога» быў створаны ў канцы траўня 2021 году колішнімі супрацоўнікамі беларускіх спецслужбаў, якія адмовіліся падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку пасля фальсіфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе. Ён прадугледжваў мабілізацыю грамадзян, каб папярэдзіць правакацыі і дапамогу нелегітымнай уладзе Лукашэнкі з боку суседніх дзяржаў і не дапусціць развязання ўнутранага канфлікту ў Беларусі. Азараў раней казаў, што ў чат-бот плану «Перамога» звярнулася каля 200 тысяч чалавек.

аз