Днямі Вольга Зазулінская з Аб'яднанага пераходнага кабінету заклікала беларусаў рыхтаваць грошы для 1300 палітвязняў, якіх могуць у адзін момант вызваліць і вывезці з Беларусі. За гэта шмат хто раскрытыкаваў «міністарку» і пытаўся: дзе грошы і чаму дэмакратычныя сілы не гатовыя да падтрымання рэпрэсаваных? Зазулінская адказала на закіды ў каментары «Белсату».
«У нас ёсць Міжнародны гуманітарны фонд, але сродкаў у ім можа аказацца недастаткова для такой маштабнай дапамогі», – папярэдзіла 15 жніўня прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.
Ідзецца пра 1300 палітвязняў, вызваленне якіх Доналд Трамп абмяркоўваў у той дзень з Аляксандрам Лукашэнкам. Напярэдадні прэзідэнт ЗША зноў напісаў пра зняволеных, выказаўшы спадзеў, што людзі «хутка выйдуць на волю».
Зазулінская адзначала, што «пры любым развіцці падзей мы павінны быць гатовыя прыняць любую колькасць беларусаў, нават калі гэта будзе 1300 чалавек адначасова»:
«Заклікаем беларусаў за мяжой ужо цяпер рыхтавацца да такога сцэнара і аб’ядноўвацца, каб сустрэць гэтых людзей і падтрымаць іх».
Гэты заклік абурыў частку каментатараў у сацсетках. Маўляў, донары выдаткавалі дастаткова грошай, куды сродкі падзеліся? Украінскі палітолаг Яўген Магда дык наагул упэўнены, што Зазулінскую за такія заявы «патрэбна гнаць» з Кабінету:
«Рассылайце дыкпікі і фота грудзей, прадавайце гадзіннікі Франака і футболкі Латушкі, катлеты Ціханоўскага і вячэры з Ціханоўскай, адсправаздачцеся пра атрыманыя раней сродкі, але людзей з-за кратаў патрэбна выцягнуць».
У размове з «Белсатам» Вольга Зазулінская адзначыла, што «разумее эмоцыі і чаканні»:
«Яны натуральныя, бо гаворка ідзе пра дапамогу сотням людзей у складанай сітуацыі. Мая задача – прыцягваць увагу да праблемы, даносіць партнёрам рэальныя патрэбы і падкрэсліваць, што падтрыманне неабходнае. Важна, каб разам у гэты працэс уключаліся дзяржавы, арганізацыі і беларуская супольнасць».
Допіс Магды яна растлумачыла тым, што палітолаг, падобна, «не мае поўнай карціны пра тое, як працуе фонд і размеркаванне сродкаў»:
«Фонд дапамогі рэпрэсаваным фармуецца за кошт унёскаў замежных урадаў, і мы ўдзячныя кожнаму за гэта. Гэтыя сродкі праз беларускія арганізацыі дапамогі даходзяць да людзей. Ёсць і еўрапейскія праграмы падтрымання. Але, улічваючы маштаб рэпрэсіяў, наяўных рэсурсаў відавочна недастаткова».
Паводле Зазулінскай, цяпер у Міжнародным гуманітарным фондзе крыху больш за € 1,2 млн. Яго напаўненне лабіюе Офіс Святланы Ціханоўскай і Пераходны кабінет, і дзяржавы-партнёры самыя вызначаюць, колькі грошай ахвяраваць. Аператарам фонду выступае Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, які размяркоўвае фінансаванне паміж арганізацыямі:
«Гэта не структура для індывідуальных зваротаў. Фінансаванне атрымліваюць праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі, якія працуюць са сваімі групамі: сем’ямі палітвязняў, вызваленымі, вымушанымі мігрантамі. Так мінімізуюцца адміністрацыйныя выдаткі, а дапамога ідзе непасрэдна тым, хто мае ў ёй патрэбу».
Калі наяўныя грошы падзяліць на 1300 асобаў, то кожная атрымае менш за € 1000:
«На сёння арганізацыям ужо пералічана з фонду каля € 1,18 млн, яшчэ € 1,23 млн застаюцца на рахунку аператара. Калі падзяліць гэтую суму на магчымыя 1300 чалавек, атрымаецца менш за € 1000 на кожнага. Гэта відавочна недастаткова для пакрыцця ўсіх патрэбаў: ад рэабілітацыі і разавых выплатаў да жылля, легалізацыі і базавага падтрымання».
Менавіта праз тое, што грошай на ўсіх бракуе, Зазулінская даводзіць, што беларусы мусяць «рыхтавацца да самаарганізацыі, падтрымліваць фонды і рабіць ахвяраванні, каб у момант вызвалення людзі не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі»:
«Мы ўдзячныя кожнай краіне, якая робіць свой унёсак, і працягваем шукаць дадатковае падтрыманне. Але вельмі важна, каб да гэтай справы далучаліся і самыя беларусы. Кожны ўнёсак, вялікі ці малы, мае значэнне. Гэта таксама вынік вялікай працы Святланы Ціханоўскай, якая прыцягвае ўвагу да Беларусі, пераконвае ўрады, і дзякуючы гэтаму яны накіроўваюць грошы на дапамогу рэпрэсаваным».
Зазулінская дадала, што не сумняецца ў салідарнасці беларусаў:
«Мой зварот быў пра тое, што ў выпадку масавага вызвалення нагрузка будзе каласальная, і дапамога кожнага беларуса за мяжой будзе жыццёва неабходнай. Мы ўжо не раз даказвалі сваю салідарнасць і, упэўнена, зможам зрабіць гэта зноў. Гэта пытанне нашай агульнай адказнасці і падтрымання адно аднаго».
Прадстаўніца АПК таксама пракаментавала патрабаванні адсправаздачыцца наконт руху грошай праз Міжнародны гуманітарны фонд:
«Пытанне фінансавай справаздачнасці, безумоўна, важнае. Аднак я, як прадстаўніца АПК і кіраўніца фонду «Краіна для жыцця», не ўдзельнічаю ў працы самога Міжнароднага гуманітарнага фонду і не маю дачынення да кіравання сродкамі, што праходзяць праз яго. У межах фонду «Краіна для жыцця» гэтым кірункам займаецца іншы супрацоўнік, які курыруе ўзаемадзеянне з міжнародным фондам. Калі ідзецца пра справаздачнасць наконт працы самога Міжнароднага гуманітарнага фонду, варта звяртацца да аператараў фонду. Калі ж пытанне тычыцца канкрэтнай арганізацыі, то лагічна звяртацца непасрэдна ў гэтую арганізацыю».
Сцяпан Кубік belsat.eu/вх