У пункце «Каменны Лог» зноў прапускаюць аўто, паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. Работы па наладцы праграмнага забеспячэння, якія праводзіліся беларускім бокам 19 жніўня завяршыліся.
Пропуск аўтамабіляў і фізічных асоб у пункце пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку Мядзінінкай) быў спынены з 11:30 у абодвух напрамках.
«Часовае прыпыненне афармлення звязанае з наладжваннем праграмнага забеспячэння», – гаворыцца ў паведамленнi.
Раней 19 жніўня «Позірк» паведамляў аб рэкордных чэргах аўтобусаў у пункце пропуску Брэст (з польскага боку Тэрэспаль).
Брэст – адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы. Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт – Баброўнікі (з беларускага боку – Бераставіца).
8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га – Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы – Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).
19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).
аз