Беларуская Служба

Лукашэнка хоча паставіць на «Паланэзы» ядзерныя боегалоўкі. Гэта крок да ядзернага статусу Беларусі

21.08.2025 15:02
Устаноўка ядзерных ракет на «Паланэзы» прывяла б да таго, што ў беларускіх вайскоўцаў з'явіўся б кантроль над гэтымі ядзернымі ракетамі. 
Ракетная сістэма залпавага агню «Паланэз» беларускай вытворчасціwikipedia.org/Homoatrox/CC BY-SA 3.0

Пасля нарады ў Лукашэнкі па пытаннях ракетнай вытворчасці дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што «разглядаюцца пытанні» аснашчэння беларускіх сістэм «Паланэз» ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі. Аснашчэнне «Паланэзаў» ядзернай зброяй стала б вялікім крокам у кірунку ядзернага статуса Беларусі, па аналогіі з Паўночнай Карэяй — адзначае «Наша Ніва».

«Сёння гэта сучасны комплекс. Далёкасць ракеты была 200 км, сёння гэта ракеты [далёкасцю] 300 км. Гэта высокадакладная зброя. Вядома ж, любая зброя патрабуе карэкціроўкі, унясення змяненняў. Пытанні ўжо ставяцца аснашчэння гэтых ракет ядзернымі боегалоўкамі. І як інтэграваць тэхналогіі «Арэшніка», можа быць, у нейкія ракеты сумесныя», — сказаў сакратар Рады бяспекі.

Вальфовіч сцвярджае, што гэта адказ на развіццё ракетных тэхналогій у краінах НАТА: «Мы глядзім, як нашы суседзі, заходнія краіны, амерыканцы ствараюць аналагічныя комплексы з далёкасцю 600 і больш кіламетраў. Вядома ж, трэба паспяваць і ісці ў гэтым кірунку».

Устаноўка ядзерных ракет на «Паланэзы» прывяла б да таго, што ў беларускіх вайскоўцаў з'явіўся б кантроль над гэтымі ядзернымі ракетамі. А гэта ўжо парушэнне міжнародных дамоў.

У Расіі заяўлялі, што ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі будзе складзіравацца, а поўны кантроль над ёй будзе захоўвацца выключна за расійскім кіраўніцтвам. Пры гэтым Лукашэнка некалькі разоў казаў, што Расія зможа прымяняць ядзерную зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, па яго ўзгадненні з Пуціным.

Аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Паланэз-М» мае дальнасць дзеяння да 300 км.

Пачынаючы з 2016 года, распрацоўкай займалася прадпрыемства «Завод дакладнай электрамеханікі» па заказе Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта. Першыя баявыя стрэльбы з новага комплексу адбыліся ў лістападзе 2017 года.

Комплекс уключае баявую машыну, машыну кіравання, транспартна-зарадную машыну і машыну тэхнічнага абслугоўвання. Усе элементы пабудаваны на шасі высокай праходнасці беларускіх вытворцаў (МЗКТ і МАЗ).

Сістэма «Паланэз-М» здольная за лічаныя хвіліны падрыхтавацца да стральбы і нанесці залп з васьмі ракет. Сярод асноўных характарыстык — дальнасць стрэльбы да 300 км, час поўнага залпу — 1 хвіліна, магчымасць індывідуальнага навядзення ракет на 8 асобных цэляў з адной машыны.

Аснашчэнне «Паланэзаў» ядзернай зброяй стала б вялікім крокам у кірунку ядзернага статуса Беларусі, па аналогіі з Паўночнай Карэяй. Гэта прывяло б да эскалацыі гонкі ўзбраенняў у рэгіёне і выклікала б адказ краін НАТА.

нг