Беларуская Служба

Пасля вылету з Варшавы ў Стамбул перастаў выходзіць на сувязь прадстаўнік фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў

25.08.2025 18:01
Тэлефон Котава цяпер недаступны. Пры спробе звязацца з ім адбываецца пераключэнне ў рэжым «абаненцкай скрыні».
Анатоль Котаўbelsat.eu

Пасля вылету з Варшавы ў Стамбул, 21 жніўня, перастаў выходзіць на сувязь прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Анатоль Котаў, паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» 25 жніўня кіраўнік арганізацыі Аляксандр Апейкін, якога цытуе «Позірк».

«У чацвер раніцай, 21 жніўня, наш калега Анатоль Котаў вылецеў з Варшавы ў Стамбул па асабістых пытаннях. Увесь дзень быў на сувязі з роднымі і калегамі. У чацвер пасля 21:30 па польскім часе перастаў выходзіць на сувязь. З таго моманту на сувязь больш не выходзіў», – адзначыў Апейкін.

Паводле яго слоў, родныя Котава «падалі заяву ў турэцкую паліцыю і консульства Польшчы ў Стамбуле».

«Гэта адзіная дакладная інфармацыя. Любая іншая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца здагадкай», – падкрэсліў кіраўнік фонду.

Раней аб знікненні Котава паведамілі выданні reform.news і «Наша Ніва». Выказваліся здагадкі, што ён мог быць затрыманы ў Турцыі.

Тэлефон Котава цяпер недаступны. Пры спробе звязацца з ім адбываецца пераключэнне ў рэжым «абаненцкай скрыні».

Анатоль Котаў – былы супрацоўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і Упраўлення справамі прэзідэнта, былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дыпламат з досведам працы ў Міністэрстве замежных спраў.

У 2020 годзе пакінуў дзяржслужбу, падтрымаў масавыя пратэсты і далучыўся да БФСС. Неўзабаве пасля гэтага эміграваў у Польшчу.

У ліпені 2024 года завочна прыгавораны ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі як удзельнік «экстрэмісцкага фарміравання «Форум дэмакратычных сіл Беларусі».

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці быў заснаваны спартыўнымі функцыянерамі і атлетамі ў адказ на падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Займаецца падтрымкай спартсменаў, якія падвергліся пераследу, і абаронай іх правоў. Прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».

аз

Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі

25.08.2025 16:40
Алег Супрунюк вядомы жыхарам Брэстчыны як рэпарцёр, які асвятляў для іх сацыяльна і грамадска значныя праблемы рэгіёна.