Беларуская Служба

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць дзяліцца з кандыдатам на ўступленне ў ЕС Малдовай дасягненнямі ў галіне дзяржбудаўніцтва

27.08.2025 10:01
Ён перакананы, што «незалежна ад палітычнай сітуацыі беларусы і малдаване працягнуць падтрымліваць дружалюбныя стасункі».
Аляксандр ЛукашэнкаFoto: крыніца: Тэлеграм-канал «Пул Першага»

Пра гатоўнасць дзяліцца дасягненнямі «ў галіне дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва» заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні народу Малдовы з Днём незалежнасці, які адзначаецца ў краіне 27 жніўня.

Ён «перакананы, што «незалежна ад палітычнай сітуацыі беларусы і малдаване працягнуць падтрымліваць дружалюбныя стасункі, заснаваныя на глыбокай узаемнай павазе і даверы».

Лукашэнка не павіншаваў са святам прэзідэнта Малдовы Маю Санду, якая крытыкуе ягоны рэжым, сустракаецца са Святланай Ціханоўскай і дэкларуе курс на інтэграцыю з Еўрасаюзам. Малдова мае статус кандыдата на ўступленне ў ЕС. У парламенце краіны дзейнічае група «За дэмакратычную Беларусь».

«Позірк» нагадвае, што 12 ліпеня на сустрэчы з экс-прэзідэнтам Малдовы, а цяпер кіраўніком прарасійскай партыі сацыялістаў Ігарам Дадонам Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады «гатовыя да супрацоўніцтва з Малдовай».

Гаспадар сустрэчы паскардзіўся на тое, што малдаване ад беларусаў «адарваныя вайной», не згадаўшы, што поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, якая знаходзіцца паміж Беларуссю і Малдовай, развязала Расія, на якую арыентуюцца абодва палітыкі.

Усё ж, на думку Лукашэнкі, аднавіць адносіны не складана: «Шлях прабіты, пракладзены. Мы ведаем, што патрэбна Малдове. Вы ведаеце нас добра. Мы заўсёды былі абавязковыя ў стасунках з вамі і гатовыя ў гэтых адносінах дзейнічаць».

28 верасня ў Малдове адбудуцца парламенцкія выбары.

аз

Дональд Трамп цісне на рэжым у Мінску. Ці пойдзе Аляксандр Лукашэнка па слядах Даніэля Артэгі?

26.08.2025 11:50
Ці тэлефонная размова паміж Трампам і Лукашэнлям, гэта поспех ці параза беларускай дэмакратычнай апазіцыі?