Беларуская Служба

Аршанскі мясакамбінат будзе разлічвацца за будаванне фермы, якая належыць іншай гаспадарцы

05.09.2025 19:42
Пры гэтым працаўнікі мясакамбіната ў апошнія месяцы атрымліваюць заработную плату з затрымкамі.
Беларускі рубельShutterstock.com

Аршанскі мясакамбінат абвясціў дадатковы выпуск сваіх акцый – 20 млн акцый на агульную суму 3 млн рублёў. Мэтай эмісіі заяўлены зварот часткі сумы грашовых сродкаў, выдаткаваных з бюджэту Аршанскага раёна ў 2018-2021 гг. на рэалізацыю інвестпраекта па будаванні фермы ў в. Чурылава.

Аднак гэтая ферма – рабатызаваны комплекс «Паўлінка», належыць іншаму прадпрыемству – агракамбінату «Юбілейны». З гэтага вынікае, што Аршанскі мясакамбінат будзе разлічвацца па абавязках за іншае прадпрыемства.

Пры гэтым мясакамбінат і сам не можа выйсці з цяжкага становішча. Як мінімум вядома, што ў апошнія месяцы працаўнікі атрымліваюць там заработную плату са спазненнямі. Аднак улады вырашылі і ў гэты раз вярнуць грошы ў бюджэт сваім старым спосабам – перакласці абавязкі праблемнага прадпрыемства на буйнейшае.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск