Беларуская Служба

36-гадовы палітвязень памёр у магілёўскай калоніі

08.09.2025 12:30
Мужчыну асудзілі двойчы і прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў узмоцненага рэжыму па шэрагу цяжкіх артыкулах КК.
Палітвязень Андрэй ПаднябенныФота: spring96.org

У магілёўскай калоніі № 15 памёр палітвязень Андрэй Паднябенны, 36-гадовы грамадзянін Расіі. Затрымалі яго 5 лістапада 2021 года і змясцілі пад варту.

Мужчыну асудзілі двойчы і прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў узмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы па шэрагу цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі, сярод якіх ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму).

Андрэя абвінавачвалі ў падпале машыны начальніка ўпраўлення дэпартаменту выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Тэлеграм-канала і чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, нагадвае «Наша Ніва».

Паднябенны правёў за кратамі амаль чатыры гады.

Прычына смерці пакуль невядомая. У яго была жонка і двое дзяцей.

Андрэй Паднябенны меў расійскае грамадзянства (ён родам з Хабараўска), але з шасці гадоў жыў у Беларусі і меў дазвол на жыхарства.

Нагадваем, праваабаронцы і вызваленыя зняволеныя паведамляюць пра цяжкія ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах – катаванні і збіццё з боку ахоўнікаў, жорсткую прымусовую працу і неадэкватную медыцынскую дапамогу.

У турмах і папраўчых калоніях у Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі, утрымлівае амаль 1300 палітычных зняволеных.

аз

У «справе Гаюна» затрыманыя і змешчаныя пад варту больш за 60 чалавек, паведамілі праваабаронцы

08.09.2025 09:30
Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманні ў справе працягваюцца.