Беларуская Служба

У шпіёнскую сетку ў Еўропе ўваходзіў беларускі актывіст. Ён – таксіст і жыве ў Польшчы

09.09.2025 09:06
Спецслужбы Чэхіі, Венгрыі і Румыніі выкрылі беларускую шпіёнскую сетку.
Будынак КДБ у Мінскуcommons.wikimedia.org

Паводле інфармацыі венгерскага выдання Telex, у справе аб шпіёнскай сетцы КДБ, апроч былога малдаўскага спецслужбіста і беларускага дыпламата ў Чэхіі, фігуруе таксама беларус – актывіст апазіцыі. Ён працуе таксістам і жыве ў Польшчы на ​​мяжы з Беларусьсю, піша reform.news.

«Па нашых дадзеных, падчас міжнароднай контрвыведніцкай аперацыі ў поле зроку спецслужбаў патрапіў таксама іншы мужчына – беларус, які пражывае ў Польшчы. Гэты мужчына, які жыве ў раёне польска-беларускай мяжы, працуе таксістам і з'яўляецца сябрам беларускай апазіцыі», – гаворыцца ў матэрыяле Telex.

Спецслужбам удалося выйсці на беларуса праз беларускіх разведчыкаў, з якімі былы намеснік кіраўніка малдаўскай спецслужбы Аляксандр Балан сустракаўся ў Будапешце.

«Праўда, гэтыя канспіратыўныя сустрэчы таксіст праводзіў яшчэ ў пачатку года», – пішуць венгерскія журналісты.

Апублікаваны вынікі расследавання, якое праводзіцца пад эгідай EUROJUST. Яно вялося пры садзейнічанні спецслужбаў Румыніі, Венгрыі і Чэхіі, а таксама пры падтрымцы пракурораў Венгрыі, Чэхіі і Рэспублікі Малдова. У Румыніі быў затрыманы былы кіраўнік Службы інфармацыі і бяспекі Рэспублікі Малдова, а з Чэхіі высылаюць афіцэра КДБ Беларусі, які працаваў пад дыпламатычным прыкрыццём.

вх