Рашэнне ЗША аслабіць санкцыі супраць кампаніі «Белавія» было аднабаковым і не паўплывае на абмежаванні, уведзеныя Еўрасаюзам. Пра гэта гаворыцца ў адказе МЗС Літвы, які атрымала выданне Delfi.
«Рашэнне аб зняцці санкцый з «Белавія» з'яўляецца аднабаковым рашэннем адміністрацыі ЗША. Генеральная ліцэнзія №11, выдадзеная Міністэрствам фінансаў ЗША, дазваляе ажыццяўляць аперацыі з «Белавія», аднак актывы кампаніі застаюцца замарожанымі. Гэтае рашэнне ЗША не ўплывае на абмежавальныя меры, уведзеныя Еўрапейскім Саюзам у дачыненні да Беларусі, уключаючы «Белавія», – гаворыцца ў каментары МЗС Літвы.
У ведамстве таксама паведамляюць, што субʼектам ЕС больш не дазволена заключаць якія-небудзь здзелкі з кампаніяй «Белавія». Таксама захоўваюцца абмежаванні на тавары, звязаныя з беларускай авіяцыяй. Працягвае дзейнічаць і рашэнне пра закрыццё паветранай прасторы ЕС для беларускіх авіяперавозчыкаў, прынятае пасля вымушанай пасадкі ў Мінску пасажырскага самалёта Ryanair у 2021 годзе.
У літоўскім замежнапалітычным ведамстве падкрэслілі, што не знікла ніводная з прычын, па якой ЕС пачаў уводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
«Ні адна з прычын, па якой ЕС пачаў уводзіць санкцыі супраць Беларусі, не знікла – рэпрэсіі супраць насельніцтва, парушэнні правоў чалавека, фальсіфікацыя выбараў, інструменталізацыя міграцыі (чаму «Белавія» наўпрост спрыяла), а таксама дапамога Расіі, якая ажыццяўляе ваенную агрэсію супраць Украіны», – адзначаюць у МЗС Літвы.
Нядаўняе вызваленне 52 вязняў, сярод якіх было шасцёра грамадзян Літвы, у МЗС назвалі важным дасягненнем літоўскай дыпламатыі. «Аднак пазіцыя Літвы ў дачыненні да Беларусі як пагрозы бяспецы Літвы і ЕС застаецца нязменнай, таму Літва працягне актыўна дамагацца не толькі захавання дзейнага рэжыму санкцый у дачыненні да Беларусі, але і яго ўзмацнення», – падкрэсліваюць дыпламаты.
11 верасня ЗША заявілі, што здымаюць санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Пасля гэтага Мінфін Штатаў выдаў Беларусі ліцэнзію на здзяйсненне здзелак з удзелам беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка.
Delfi/ав