11 верасня пасля сустрэчы ў Мінску Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскай дэлегацыяй былі выпушчаныя з месцаў зняволення 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян і 38 беларускіх палітвязняў. Пазней прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант у інтэрв’ю расійскаму агенцтву ТАСС заявіла, што іх памілавалі.
«Свабода» нагадвае, што ўсіх іх прымусова вывезлі ў Літву. Ужо на тэрыторыі Літвы частка палітзняволеных даведалася, што іх вывезлі без пашпартоў, толькі з даведкай, якая пацвярджае асобу, з подпісам тагачаснага кіраўніка дэпартаментa грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксея Бегуна.
Між тым вядома, што 8 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні на гэтую пасаду Івана Новікава.
«Я на пенсіі. Без каментароў», – адказаў 17 верасня Аляксей Бягун журналісту «Свабоды», які прадстаўвіўся грамадзянінам Беларусі і спрабаваў высветліць, калі Бягун падпісаў даведкі, якія аказаліся ў часткі палітзняволеных.
Між тым у самім дэпартаменце нічога не тлумачаць пра даведкі, якія аказаліся на руках некаторых вызваленых 11 верасня. Так, начальніку ўпраўлення грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу МУС Беларусі Паўлу Хрышчановічу пра такія дакументы нічога невядома:
«Даведка, якая пацвярджае асобу... А што гэта за даведка? У сувязі з чым яна можа выдавацца? У нас ёсць даведка, калі чалавек згубіў пашпарт, і вось ён звяртаецца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі, і яму выдаюць на час вырабу новага пашпарта даведку формы № 9 на месяц, і ён ёю карыстаецца як дакументам, які пацвярджае асобу на тэрыторыі краіны. Вось гэта толькі ёсць такая даведка», – сказаў Павал Хрышчановіч карэспандэнту «Свабоды.
Паводле міліцыянта, з даведкай, якая часова замяняе пашпарт, за мяжу выязджаць нельга.
«Акрамя пашпарта – біяметрычнага пашпарта ці пашпарта старога ўзору 1996 года, іншых дакументаў для грамадзян Беларусі для выезду за мяжу ў нас не існуе», – сказаў начальнік упраўлення грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу Хрышчановіч.
аз