Беларуская Служба

У Літве зарэгістраваная Асацыяцыя беларускіх бацькоў

20.09.2025 15:30
Супольнасць мае на мэце «аб’ядноўваць беларускія сем’і, якія жывуць у Літве, і прадстаўляць іх агульныя інтарэсы».
Асацыяцыя беларускіх бацькоў зарэгістраваная ў Літвеfacebook.com/Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве/

У Літве зарэгістраваная Асацыяцыя беларускіх бацькоў (Baltarusių tėvų asociacija Lietuvoje), паведаміла арганізацыя на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Супольнасць мае на мэце «аб’ядноўваць беларускія сем’і, якія жывуць у Літве, і прадстаўляць іх агульныя інтарэсы».

«Асацыяцыя будзе інфармаваць зацікаўленыя бакі пра патрэбы беларускіх сем’яў, спрыяць захаванню беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці, а таксама падтрымліваць як фармальную, так і нефармальную адукацыю беларусаў, – гаворыцца ў паведамленні. – Яшчэ адна важная задача – садзейнічаць інтэграцыі дзяцей і бацькоў у літоўскае грамадства без страты нацыянальнай адметнасці».

У хуткім часе плануецца правесці агульны сход для абмеркавання дзейнасці асацыяцыі і запрашэння бацькоў да ўдзелу.

«Таксама мы падзелімся вынікамі апытання, якое цягам лета правялі сярод 93 беларускіх сем’яў у Літве», – адзначыла арганізацыя.

Як паведамляў «Позірк», згодна з данымі Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы, на 1 верасня 2025 года дзейны дазвол на пражыванне ў гэтай балтыйскай дзяржаве мела 51.520 грамадзян Беларусі.

На 1 студзеня ўладальнікамі тых ці іншых дакументаў, якія легалізуюць пражыванне ў краіне, было 57.511 беларускіх грамадзян (на 1 жніўня – 51.962, 1 ліпеня – 52.287, 1 чэрвеня – 52.662 чалавекі). Такім чынам, іх колькасць ад пачатку года скарацілася на 10,42%.

аз