Беларуская Служба

На палях Генасамблеі ААН адбудзецца абмеркаванне рэпрэсій у Беларусі і па-за яе межамі, інструментаў правасуддзя

21.09.2025 09:53
Суарганізатарамі мерапрыемства выступаюць дэлегацыя ЕС, місіі Германіі, Даніі, Латвіі, Літвы і Эстоніі.
Генеральная асамблея ААНShutterstock/lev radin

У рамках 80-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку 25 верасня адбудзецца дадатковае мерапрыемства «Час падсправаздачнасці і справядлівасці: вяршэнства закона пад пагрозай у Беларусі». Пра гэта паведамляе «Позірк».

Паводле інфармацыі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), суарганізатарамі выступаюць дэлегацыя ЕС, місіі Германіі, Даніі, Латвіі, Літвы і Эстоніі, а таксама Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі.

На сустрэчы плануецца абмеркаваць, як міжнародная супольнасць можа рэагаваць на рэпрэсіі ўнутры Беларусі і завочныя судовыя працэсы; як супрацьдзейнічаць пагрозам, сфабрыкаваным абвінавачванням, спробам экстрадыцыі, дэзінфармацыі, вярбоўкі прадстаўнікоў беларускай дыяспары і дэмакратычных інстытутаў за мяжой; якія механізмы – міжнародных судоў, універсальнай юрысдыкцыі, спецпрацэдур і дзеянняў ААН – можна выкарыстоўваць для прыцягнення да адказнасці за злачынствы ў Беларусі ды інш.

На мерапрыемстве выступяць генеральны сакратар ЕСЗД Белен Марцінэс Карбанэль, кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс, намесніца міністра замежных спраў Эстоніі Міна-Лііна Лінд, пастаянны дзяржсакратар па замежных справах Даніі Йепэ Транхольм-Мікельсан, кіраўніца згаданай міжнароднай платформы Андрэа Хубер ды інш. Акрамя таго, адбудзецца брыфінг беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

У апісанні сустрэчы адзначана, што з 2020 года ў Беларусі «назіраецца сістэматычнае разбурэнне прынцыпу вяршэнства закону». Праводзяцца рэпрэсіі супраць «палітычных апанентаў, праваабаронцаў, юрыстаў, незалежных прафсаюзаў, журналістаў» – любых грамадзян, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі «ўспрымае як патэнцыйную пагрозу».

вс