Беларуская Служба

Польшча ўвяла санкцыі супраць прадстаўніцтва Беларускай цэментнай кампаніі

29.09.2025 16:36
Зарэгістраванае ў маі 2020 года ў Варшаве прадстаўніцтва Беларускай цэментнай кампаніі (БЦК) у Польшчы «BKC-Polska Sp. z o.o» унесена ў санкцыйны спіс польскага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц.

Пра гэта паведаміла Нацыянальная падатковая адміністрацыя (НПА) Польшчы.

Паводле інфармацыі НПА, прадстаўніцтва «афіляванае з холдынгам «Беларуская цэментная кампанія», галаўны офіс якога знаходзіцца ў Мінску. Статутны капітал прадстаўніцтва складае 43 000 злотых (каля 11,8 тыс. долараў па бягучым курсе), а адзіным акцыянерам, з'яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынгу БЦК».

Бенефіцыярным уладальнікам кампаніі, зарэгістраванай у Польшчы, называецца грамадзянін Беларусі, які таксама зʼяўляецца кіруючым дырэктарам беларускага прадпрыемства.

НПА адзначае, што прадстаўніцтва ў Польшчы ўключана ў польскі санкцыйны спіс услед за сваёй галаўной арганізацыяй, якая папоўніла яго 22 ліпеня 2025 года.

Тады паведамлялася, што холдынг «Беларуская цэментная кампанія» з'яўляўся буйным пастаўшчыком цэменту ў Польшчу, у 2022 годзе ажыццявіў пастаўкі на 160 млн злотых (каля 44,4 млн долараў па курсе на момант увядзення санкцый).

Апроч цэменту, кампанія экспартавала ў Польшчу нягашаную і гашаную вапну, а таксама сценавыя блокі. Адзначалася, што тавары закуплялі некалькі юрыдычных асоб, у тым ліку даччынае прадпрыемства БЦК, размешчанае ў Варшаве, якое і патрапіла зараз пад санкцыі.

НПА адзначыла, што развіццё гандлёвых адносін холдынгу з Расійскай Федэрацыяй прывяло да ўключэння беларускага прадпрыемства ў санкцыйны спіс ЗША ў снежні 2023 года. «Прадпрыемства цесна супрацоўнічае і пастаянна пашырае супрацоўніцтва з іншымі субʼектамі Расійскай Федэрацыі, пастаўляючы тавары, якія ўносяць істотны ўклад у паляпшэнне функцыянавання абаронна-арыентаванай эканомікі. Падобныя дзеянні прыводзяць да нарошчвання ваеннага патэнцыялу для прадаўжэння агрэсіі супраць Украіны», – гаварылася ў паведамленні.

Адзначалася, што ўключэнне ў польскі санкцыйны спіс цягне за сабой замарожванне ўсіх фінансавых сродкаў і эканамічных рэсурсаў і забарону на іх прадастаўленне, выключэнне з працэдуры дзяржаўных закупак ці конкурсаў.

Паводле звестак Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, цяпер у польскім санкцыйным спісе знаходзяцца 24 беларускія арганізацыі.

19 верасня Вярхоўная кантрольная палата Польшчы апублікавала справаздачу, якую раскрытыкавала бяздзейнасць ННА ў плане кантролю за санкцыямі ў дачыненні да Беларусі і Расіі ў 2022–2023 гадах.

pozirk.online/вх