Беларуская Служба

Лукашысты працягваюць паляванне на «дармаедаў»

30.09.2025 13:21
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава паскардзілася, што чыноўнікі не прыдумалі механізму, каб прымусіць усіх, хто яшчэ не працуе, працаваць.
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z Youtube

Падчас пасяджэння Мінскага аблвыканкама Наталля Качанава нагадала, што Аляксандр Лукашэнка «яшчэ ў 2020 годзе паставіў мэту, каб з 1 студзеня 2021 года ўсе працавалі».

— Сёння мы ўсё зноў вяртаемся да гэтага пытання, бо пакуль не прапанавалі механізмаў, якія б матывавалі людзей працаваць. А прапаноўваць трэба.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Кушнарэнка ўсклаў адказнасць на людзей, заявіўшы, што «не ўсе беспрацоўныя грамадзяне праяўляюць ініцыятыву ў актыўным пошуку працы». Чыноўнік прапанаваў стварыць умовы для іх уключэння ў эканоміку.

Дагэтуль асноўнымі мерамі лукашыстаў па прыцягванні людзей да працы былі розныя абмежаванні і фінансавыя «пакаранні». Так «дармаеды» цяпер аплачваюць поўны тарыф, то бок у 4,8 разы вышэйшы, чым для астатняга насельніцтва,  за такія жыллёва-камунальныя паслугі  як ацяпленне, гарачую ваду і газ. 

З 1 кастрычніка ўлады ўводзяць папраўкі ў разлік за аплату жыллёва-камунальных паслуг. У сітуацыі, калі ўладальнікам жылля з'яўляецца «дармаед», усе выдаткі на ацяпленне, гарачую ваду і газ будуць разлічвацца паводле завышаных тарыфаў, нягледзячы на тое, што ў такой кватэры могуць жывуць іншыя асобы, якія лічацца занятымі ў эканоміцы. Раней уладальнік - «дармаед» аплачваў толькі сваю частку коштаў па поўным тарыфе.

Апроч таго чыноўнікі хочуць увесці абмежаванні на бясплатную медыцыну для людзей, якіх яны ўнеслі ў спісы «дармаедаў». Таксама лукашысты пачалі падключаць сілавікоў да выяўлення непрацуючых у эканоміцы.

У лукашэнкаўскай Беларусі адносяць да «дармаедаў» таксама і тых, хто працуе за мяжой у «варожых» краінах. 

Крыніца: «Зеркало»/юл