Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугiна паведаміла, што ў 2025 годзе назіраецца зніжэнне пакупніцкага попыту, хоць галіна ў цэлым застаецца рэнтабельнай. Агульная рэнтабельнасць рэалізацыі складае каля 8%, аднак некаторыя прадпрыемствы па-ранейшаму прыносяць страты і знаходзяцца пад асаблівым кантролем, паведамляе reform.news.
Функцыянерка адзначыла, што значную канкурэнцыю для лёгкай прамысловасці ствараюць маркетплэйсы і інтэрнэт-крамы, такія як Wildberries і «Азон», якія «паглынаюць розумы і жаданні пакупнікоў». Разам з тым расце цікавасць да рэгіянальных брэндаў і невялікіх майстэрань, якія выпускаюць унікальныя дызайнерскія калекцыі. Маладое пакаленне актыўна сочыць за імі праз Instagram, выкарыстоўваючы сацсеткі і як канал продажаў.
Старшыня «Беллегпрама» падкрэсліла, што ў Беларусі ўдалося захаваць буйныя брэнды: «Світанак», «Камволь», «Элема», «Камінтэрн» і іншыя. Яны канкурыруюць не аб’ёмам, а пазнавальнасцю, унікальнасцю і традыцыямі. Лугiна дадала, што пашыў масавых калекцый цалкам перайшоў у Азію, а беларуская лёгкая прамысловасць паступова рухаецца ў бок брэндавых прадпрыемстваў.
Паводле чыноўніцы, сярэднія заробкі ў галіне складаюць 1300–2500 рублёў для швачак, а для работнікаў з шкоднымі ўмовамі — 1900–2800 рублёў.
эж