Ваенна-патрыятычныя клубы пры фондзе «Маладая гвардыя», якія дзейнічаюць пры вайсковых часцях УС Беларусі, сёння наведваюць больш за 2,5 тыс. дзяцей. Як высветліў Беларускі расследвальніцкі цэнтр, падлеткаў вучаць страляць з баявой зброі, кіраваць дронамі, штурмаваць будынкі, капаць акопы, праходзіць медыцынскую і агнявую падрыхтоўку, удзельнічаць у палявых лагерах. У клубах, паводле інструктараў, дзяцей «рыхтуюць да вайсковай службы», а цікавасць да зброі называюць «нармальнай».
Разам з фізічнай падрыхтоўкай ім транслююць прарасійскія наратывы: пра «агульную будучыню» з «ЛНР», пагрозу з боку Захаду, «культ вайны» ва Украіне. У сацсетках фонду змешчаныя фота стральбы з аўтамата Калашнікава, цытуюцца прапагандысты СТБ. Кіраўнікі і госці мерапрыемстваў — высокапастаўленыя сілавікі і прапагандысты, сярод іх Мікалай Карпянкоў, Віктар Шэйман, Іван Эйсмант.
У Беларусі дзейнічае 23 такіх клубы. Летась з 14 выпускнікоў клуба «Доблесць-Лельчыцы» 10 «пайшлі ў сілавыя структуры». Фонд задэклараваў больш за мільён беларускіх рублёў спонсарскай дапамогі, з якіх каля 724 тысяч ужо выдаткавана.
pozirk.online/эж