МУС Расіі працягвае абвяшчаць беларусаў у вышук. За апошнія паўгода ў спіс трапілі 1 180 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі — цяпер у ім 5 220 чалавек (карткі больш як паўтары тысячы чалавек з базы выдалілі). У расійскі вышук беларусы трапляюць па запыце Рэспублікі Беларусь — гэта азначае, што чалавека шукаюць у абедзвюх краінах, а таксама могуць выдаць з “сяброўскіх дзяржаў”. «Медыязона» абнавіла сэрвіс пошуку па базе.
Можна праверыць, ці ёсць вы або вашы блізкія ў расійскай базе вышуку (у пошуку адлюстроўваюцца толькі ўраджэнцы і грамадзяне Беларусі). Памятайце, што нават калі вас там няма, гэта не азначае, што супраць вас няма крымінальнай справы ў Беларусі. Наяўнасць у расійскай базе вышуку сведчыць, што вас абвясцілі ў вышук у Беларусі, а потым і ў РФ. Даныя ў пошуку актуальныя на верасень 2025 года.
Журналісты і эксперты
Ад часу мінулай праверкі расійскай базы вышуку прайшло паўгода. За гэты час у вышук абвясцілі некалькіх журналістаў і журналістак: Марыю Грыц, былога галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» і палітвязня Ягора Марціновіча, вядучую шоу «Звычайная раніца» Марыну Ментусаву, вядучую Кацярына Раецкую, журналістку і былую палітзняволеную Вольгу Класкоўскую, а таксама яе бацьку, журналіста і палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага.
Акрамя іх, у вышук абвясцілі гродзенца Андрэя Мялешку, супраць якога раней узбудзілі тры крымінальныя справы, а да сям’і прыходзілі сілавікі; журналістаў «Радыё Свабода» Ганну Соўсь і Віталя Цыганкова, журналіста, філосафа і кінакрытыка Максіма Жбанкова.
У вышуку таксама знаходзяцца эксперт Аляксандр Фрыдман, а таксама Павел Усаў, які быў завочна асуджаны на 11 гадоў калоніі і абвешчаны “тэрарыстам”; кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін і эканаміст Павел Данейка, завочна асуджаны на 12 гадоў калоніі.
Палітыкі
У спіс увайшлі члены Каардынацыйнай рады: блогер і дэлегат Аляксандр Кныровіч, спікер Арцём Брухан, а таксама кіраўнік НАУ Павел Латушка, завочна асуджаны на 18 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паўла Латушку шукаюць не першы год, але яго, як і некаторых іншых беларусаў, пераабвясцілі ў вышук — невядома, ці звязана гэта з новай крымінальнай справай або з іншымі прычынамі.
У спісе таксама ёсць дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Кучынскі. Туды трапілі і былыя члены Аб’яднанага пераходнага кабінета: кіраўнік BYPOL і сузаснавальнік дэтэктыўнага агенцтва «Рэкс» Аляксандр Азараў, завочна асуджаны на 25 гадоў калоніі (некалькі гадоў таму Азарава ўжо абвяшчалі ў вышук), дырэктар Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі.
Палітвязні
Сярод беларусаў, якія трапілі ў вышук, ёсць былыя палітвязні: Паліна Шарэнда-Панасюк, Антаніна Канавалава (і яе маці Ганна Канавалава), анархісты, асуджаныя па справе “Рэвалюцыйнага дзеяння”, Данііл Чуль і Андрэй Чапюк, Дзмітрый Гопта і яго маці Вольга. Дзмітрый — былы палітвязень, у 21 год ён быў асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Акрамя таго, у вышук абвешчана Яўгенія Верамейчык, жонка былога байца Палка Каліноўскага, палітвязня Васіля Верамейчыка. Васіля затрымалі ў В’етнаме і выдалі Беларусі ў лістападзе 2024 года. Раней Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд.
Праваабаронцы, актывісты і дзеячы культуры
У Беларусі і РФ шукаюць праваабаронцу з «Вясны» Паўла Сапелку і члена «Прававой ініцыятывы» Сяргея Усцінава, былога адваката і дарадцу па прававых пытаннях НАУ Міхаіла Кірылюка. Удзельніц ініцыятывы «Палітвязынка» — яе заснавальніцу Яўгенію Долгую, журналістку Насту Захарэвіч і мастачку Ганну Крацько. У вышук абвешчаная таксама актывістка ва Украіне, былая журналістка «Радыё Свабода» Арына Коршунова.
У вышуку актывістка ініцыятывы «Маці-328» Ліяна Шуба і былы дэфектаскапіст Мінскай лабараторыі Андрэй Суша, які пасля пераследу з боку сілавікоў уцёк з Беларусі, пераляцеўшы на параплане ў Літву; мастакі-акцыяністы Уладзіслаў Бохан і Аляксей Кузьміч.
РФ па запыце Беларусі абвясціла ў вышук былых актораў Купалаўскага тэатра, якія цяпер выступаюць у эміграцыі: Зою Белахвосцік, Аляксандра і Валянціну Гарцуевых, Крысціну Дробыш.
У спіс трапіў беларус, які ўдзельнічаў у сямі Алімпійскіх гульнях і дванаццаці чэмпіянатах свету, лыжнік Сяргей Далідовіч. У лютым 2022 года Сяргей разам з дачкой Дар’яй пакінулі Беларусь пасля таго, як беларускія ўлады пазбавілі яе магчымасці выступаць на міжнародных лыжных спаборніцтвах з-за палітычнай пазіцыі.
нг