Беларуская Служба

Гомельскія бібліятэкі закупляюць сотні новых кніг, і ніводнай – па-беларуску

14.10.2025 15:31
Папоўніць фонды збіраюцца пераважна творамі расійскіх аўтараў.
Кнігіmoritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржпрадпрыемства «Сетка публічных бібліятэк гораду Гомеля» абвясціла электронныя аўкцыёны на набыццё новых кніг для дзяцей і дарослых. «Флагшток» вывучыў спіс выданняў, што збіраюцца купіць бібліятэкі.

На закуп з бюджэту выдаткуюць больш за 16 тыс. 500 рублёў.

Агульная колькасць усіх выданняў, якія плануецца набыць для бібліятэчных фондаў – амаль тысяча. Сярод іх няма ніводнай кнігі на беларускай мове.

Папоўніць фонды збіраюцца пераважна творамі расійскіх аўтараў, напрыклад, Ганны Малышавай. Сцвярджаецца, што яна паспела выпусціць ужо больш як 40 раманаў. Гомельцам прапануюць серыю ейных кніг «Авантюристка», якая выйшла пад выглядам гістарычных раманаў і мякка прасоўвае каштоўнасці «рускага свету».

Ёсць таксама і заходнія аўтары, такія як Стывен Кінг, але ў перакладзе на рускую мову.

Набор дзіцячых кніг у закупах даволі стандартны – савецкая класіка. Гэта такія творы як «Золотой ключик, или Приключения Буратино», «Аленький цветочек», «Айболит» і нават «Тимур и его команда». Зрэдку трапляюцца заходнія бестселеры для дзяцей: напрыклад, «Маўглі», «Маленькі прынц».

Астатнія кнігі – дэтэктывы, фантастыка, белетрыстыка. Конкурс на пастаўку кніг выйграла менская прыватная фірма «БукЛайнГрупп».

Вясной 2025 года падобная сітуацыя была ў Рагачове – там для раённай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча набывалі 3 тыс. 475 кніг за 7 тыс. рублёў. Усе – на рускай мове.

вс