Палітзняволеная Алена Лазарчык, якая адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 24 у Зарэччы, патрапіла ў ПКТ – памяшканне камернага тыпу, куды на працяглы тэрмін змяшчаюць асуджаных, якія нібыта парушаюць парадак і не выпраўляюцца пасля пакарання ў штрафным ізалятары, куды фармальна могуць накіроўваць да 15 сутак, паведамляе Радыё «Свабода».
Перад гэтым Алена Лазарчык знаходзілася ў ШІЗА, але колькі і за якую «правіннасць», невядома.
«Яна цяпер у ПКТ і колькі гэта працягнецца, невядома. Схуднела, складана са здароўем. Сустрэч з адвакатам не прадбачыцца», – паведаміла крыніца пра Алену Лазарчык.
Алене Лазарчык 51 год, яна – удава актывіста дэмакратычнага руху, абаронцы Курапатаў Сержука Мацкойця, які памёр у 2023 годзе.
У 2022 годзе Алена Лазарчык была асуджаная да 8 гадоў пазбаўлення свабоды па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, уключна з 342-м («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Лазарчык адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, дзе, паводле звестак «Вясны», правяла больш за 90 дзён у ШІЗА. Вясной 2025 года Алене Лазарчык дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ 1,5 года па 411-м артыкуле КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Агулам яна асуджаная на 9,5 года зняволення.
На свабодзе ў жанчыны застаецца непаўналетні сын Арцём, якім апякуюцца сваякі.
вс