На мінулым тыдні з'явілася інфармацыя, што закрыўся музей Яўгеніі Янішчыц у школе вёскі Парэчча Пінскага раёна, дзе паэтка вучылася ў 9‑10 класах.
Школу закрылі, а сабраныя музейныя экспанаты сталі па сутнасці нікому не патрэбныя. Навіна выклікала рэзананс.
Сёння стала вядома, што Міністэрства культуры Беларусі ў адпаведнасці з Кодэксам аб культуры палічыла мэтазгодным Народны музей Яўгеніі Янішчыц перадаць у дзяржаўную ўстанову «Музей Беларускага Палесся», нагадвае «Наша Ніва».
Музей пагадзіўся прыняць народны музей Яўгеніі Янішчыц, а на кастрычніцкім пасяджэнні Пінрайвыканкама будзе прынята рашэнне аб перадачы экспанатаў.
Яўгенія Янішчыц (1948–1988) – беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў вёсцы Рудка на Піншчыне, з ранняга дзяцінства захаплялася паэзіяй, друкавацца пачала яшчэ школьніцай. Скончыла філфак БДУ, працавала ў газетах і часопісах, была вядомай і прызнанай паэткай. Паводле слоў Васіля Быкава, «Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая». У 1988 годзе скончыла жыццё самагубствам, скочыўшы з акна шматпавярховіка ў Мінску.
аз