Беларуская Служба

Замежныя турысты ў Расіі, у тым ліку беларусы, засталіся без інтэрнэт-сувязі

16.10.2025 14:02
Расійскія ўлады пазбавілі сувязі замежных турыстаў і ўскладнілі жыццё часткі жыхароў РФ.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

На замежных сім-картах у Расіі зусім перастаў працаваць мабільны інтэрнэт. У сваю чаргу дзеля пакупкі расійскай сімкі трэба рэгістравацца на «Дзяржпаслугах», паведамляе «Медуза».

У пачатку кастрычніка 2025 года расійскія мабільныя аператары пачалі ўводзіць так званы «перыяд астуджэння» для ўсіх уладальнікаў замежных сім-карт. Меркавалася, што пры перасячэнні мяжы Расіі людзі 24 гадзіны не змогуць карыстацца інтэрнэтам.

Гэтае абмежаванне павінна было дапамагчы ў барацьбе з дронамі, якія выкарыстоўваюць сотавую сувязь.
Між тым, аказалася, што сістэма не працуе – большасці аператараў проста не ўдаецца зняць блакіроўку, а абмежаванні тычацца не толькі мабільнага інтэрнэту, але і СМС-паведамленняў. Такім чынам расійскія ўлады пазбавілі сувязі замежных турыстаў і ўскладнілі жыццё некаторых жыхароў РФ, канстатуе СМІ.

Між тым, выданне The Insider звярнула ўвагу на некаторыя тэхнічныя асаблівасці блакіроўкі. Напрыклад, на тое, што «перыяд астуджэння» можа ўключацца нават пры перасячэнні межаў паміж рэгіёнамі Расіі.

Праект «На сувязі», які збірае і правярае скаргі карыстальнікаў на адключэнні інтэрнэту, паведамляў, што блакіроўка мабільнага інтэрнэту зноў уключаецца, калі прылада была неактыўная больш за тры дні. Акрамя таго, лічыльнік 24 гадзін скідаецца пры падключэнні да сеткі іншага аператара, што часта адбываецца ў роўмінгу, а праблемы з доступам да мабільнага інтэрнэту захоўваюцца нават пасля заканчэння «перыяду астуджэння», дадаткова карыстальнікам не прыходзяць СМС-паведамленні.

У тым ліку, перабоі з дастаўкай СМС-паведамленняў закранаюць і частку расійскіх карыстальнікаў. Напрыклад, уладальнікаў банкаўскіх карт іншых краін. Звычайна іх заводзяць, каб аплачваць замежныя анлайн-сэрвісы.
У сваю чаргу турыстам, якія прыязджаюць у Расію, дзеля пакупкі расійскай сімкі, трэба рэгістравацца на «Дзяржпаслугах». Увесь працэс афармлення дакументаў і рэгістрацыі вельмі складаны і займае да некалькіх дзён.

аз