Беларуская Служба

Знакаміты беларускі лыжнік расказаў, колькі зарабляе на пасадзе інструктара ў спартшколе ў Закапанэ

28.10.2025 07:10
Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч працуе з біятланістамі ў польскім Закапанэ. 
 .    .
Сяргей Далідовіч. Фота з прыватнага архіва.mostmedia.io

Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч браў удзел у сямі Алімпіядах, 12 чэмпіянатах свету. На Гульнях у 2014 годзе Сяргей заняў пятае месца, быў пераможцам этапа Кубка свету. Цяпер ён працуе з біятланістамі ў польскім Закапанэ. MOST пагаварыў са спартоўцам пар яго жыццё ў Польшчы.

У лютым 2022 года, незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, Далідовіч разам з сям'ёй зʼехаў у Польшчу. Яны жывуць у Закапанэ, а больш дакладна – у вёсцы Касцеліска.

З Закапанэ ў Сяргея даўняя сувязь. Ён узгадвае, што на пачатку 90-х упершыню выехаў сюды на замежныя зборы, а яшчэ тут пазнаёміўся з жонкай Ірынай, якая таксама займалася лыжнымі гонкамі.

- За 30 гадоў, вядома, у Закапанэ амаль усё памянялася. Але вось база, куды прыязджалі на зборы, засталося той жа. Адказныя людзі гадамі ня ведаюць, што з гэтым усім рабіць. Трасу, стрэльбішча абнавілі, а з астатнім да гэтага часу не могуць разабрацца, – распавёў спартсмен.

Далідовіч працуе настаўнікам-трэнерам па біятлоне ў спартыўнай школе. Па словах беларуса, трэнерам у Польшчы стаць прасцей – дастаткова скончыць курсы. А вось настаўніку без вышэйшай адукацыі ніяк.

- У Беларусі скончыў БДУФК і, калі тут пацвердзілі дыплом, што заняло некалькі месяцаў, стаў паўнавартасна працаваць. Пайшоў ужо мой трэці год у школе. Трэнірую юных біятланістаў (у групе 20 чалавек – ад 12 да 18 гадоў) разам з двума трэнерамі з Польшчы. Мне падабаецца. Рыхтуем кадры для маладзёжнай зборнай. Я больш адказваю за функцыянальную падрыхтоўку і тэхніку лыжнага хода.

Далідовіч пакуль не можа працаваць са зброяй – адным з ключавых элементаў падрыхтоўкі для біятланістаў. Для гэтага недастаткова часовага ВНЖ. Патрэбны пастаянны.

З калегамі ў беларуса склаліся даверныя адносіны. У аднаго з іх Далідовіч з усёй сямʼёй быў нядаўна на вяселлі.

– Паглядзелі, як гуралі (этнакультурная група палякаў. – Заўв. рэд.) весяляцца. Сабралася чалавек сто. Палова – з боку жаніха – прыйшла ў гуральскіх гарнітурах, некаторыя былі на канях. А другая палова – звычайныя гарадскія жыхары, бо жонка калегі з Познані. Атрымаўся цікавы кантраст. Пʼюць палякі, канечне, шмат. Я ўжо не такі моцны.


Гуральскае вяселле. Фота з архіву Сяргея Далідовіча
Гуральскае вяселле. Фота з архіву Сяргея Далідовіч. mostmedia.io


У групе Далідовіча ў перапынках паміж зборамі трэніруецца і 18-гадовы Гжэгаж Галіца. Яго лічаць вельмі таленавітым. Зімой 2025 года біятланіст выйграў тры залатыя медалі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, потым быў сярэбраным прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету.

– Крыху працаваў з Гжэгажам і ў маладзёжнай зборнай. Хлопец выдатна падрыхтаваны функцыянальна. Паглядзім, як у яго пойдзе. Наша задача ў школе – не толькі навучыць правільнай тэхніцы, закласці падмурак, але і не выпусташыць спартсменаў. Можна ззяць на юніёрах, а потым згубіцца сярод дарослых.

Да пацверджання беларускага дыплома Далідовіч трэніраваў у Польшчы з яшчэ адным спецыялістам маладзёжную зборную па біятлоне, затым быў паўгода школьным аніматарам: займаўся з дзецьмі, даглядаў футбольнае поле.

Цяпер Сяргей працуе з юнымі біятланістамі 20 гадзін у тыдзень. Кажа, што гэта яго задавальняе.

- Мы пачынаем у 7.30 раніцы. Пасля спорту вучні ідуць да 11.15 на іншыя ўрокі, а я фактычна вольны. Зарабляю 4500 злотых нета (каля 1200 долараў. – Заўв. рэд.). У другой палове дня нярэдка дапамагаю жонцы па гаспадарцы ў гатэлі. У Закапанэ ёсць невялікі бюджэтны атэль. Жонка прымае гасцей, корміць іх. А я магу і газон падстрыгчы, і нешта паправіць – усё патроху. Прыезджым добра, што з гэтага гатэля вельмі зручна пачынаць горныя паходы.

Па словах Сяргея, з-за занятасці ў школе і гатэлі сам ён амаль не хадзіў у горы і не выбіраўся за межы Закапанэ.

- Мне хапае працы і зносін з сямʼёй. Старэйшая дачка перыядычна прыязджае ў госці. Вольга ў мінулым годзе выйшла замуж за беларуса. Жыве ўсяго за 20 кіламетраў ад нас. Яна яшчэ да нашай эміграцыі вучылася ў Варшаве, а сёння працуе аддалена праграмістам.

«Раней былі думкі, што вось-вось паеду дадому»

У 2020 годзе Далідовіч выступіў за перамены ў Беларусі і выказваўся супраць гвалту. Пасля гэтага яму сталі перашкаджаць трэніраваць лыжнікаў (у ліку яго вучняў была і сярэдняя дачка Дарʼя), што і стала адной з прычын эміграцыі.

У кастрычніку гэтага года Далідовіча ўключылі ў базу вышуку Расіі. Парадокс, але, паводле слоў беларуса, гэта ў нейкай ступені «дапамагло супакоіцца».

- Вядома, сумую па Беларусі, хацеў бы там жыць. Але разумею, што бліжэйшым часам не магу вярнуцца на радзіму. Раней увесь час былі думкі, што вось-вось паеду дадому.

Сяргей жыве ў Закапанэ амаль чатыры гады. Гаворыць, што час праляцеў вельмі хутка. Мясцовыя жыхары ўжо не лічаць яго чужым.

вх