Беларуская Служба

Лукашэнка забараніў рух па тэрыторыі Беларусі грузавікоў, зарэгістраваных у ЕС

03.11.2025 08:05
Гэтыя абмежаванні будуць дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.
 .
Беларуская мяжа. Фота: spring96.org

Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка падпісаў указ аб прымяненні спецыяльнага абмежавальнага захаду. Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі ўказе, уводзіцца забарона на выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для перамяшчэння грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у дзяржавах Еўрапейскага Саюза, паведамляе «Свабода».

Рух па беларускай тэрыторыі забаранілі для прычэпаў, зарэгістраваных у Польшчы і Літве, а таксама легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Польшчы, што выконваюць міжнародныя перавозкі адпаведна з індывідуальнымі накладнымі або міжнародна-транспартнымі накладнымі CMR.

Гэтыя абмежаванні будуць дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.

Раней паведамлялі аб забароне літоўскім грузавікам выязджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу з Беларуссю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам.

Праз палёты шароў за восень 9 разоў закрывалі паветраную прастору над Віленскім аэрапортам. У тым ліку адзін раз ужо пасля поўнага закрыцця мяжы – 30 кастрычніка. Закрыццё мяжы будзе дзейнічаць да гадзіны ночы 1 снежня па беларускім часе – з магчымасцю падаўжэння.

28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы з Беларуссю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасля кансультацый з Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў.

31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнню Польшчы пра адкрыццё памежных пераходаў папярэднічала дамоўленасць пра вызваленне Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў. І цяпер яна таксама адкладзеная.

аз

Латвія забараніла нерэгулярныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь і Расію

02.11.2025 14:02
Паводле ўладаў Латвіі, рашэнне прынята дзеля ўмацавання нацыянальнай бяспекі і прадухілення нелегальнай міграцыі.