Беларускі блогер і кіроўца тралейбуса Андрэй Павук паведаміў аб звальненні з муніцыпальнай кампаніі Vilniaus viešasis transportas (VVT).
Загад генеральнага дырэктара аб скасаванні працоўнай дамовы ён апублікаваў 3 лістапада ў сябе ў Facebook. У дакуменце пазначана, што Павук звольнены «за грубае парушэнне працоўных абавязкаў», паведамляе «Белсат».
Інцыдэнт, які стаў нагодаю для звальнення, адбыўся на пачатку кастрычніка і атрымаў шырокі рэзананс у літоўскіх сацсетках. На відэа, апублікаваным Павуком, відаць, як ён размаўляе з дыспетчарам па-руску і прапаноўвае перайсці на польскую ці беларускую, тады як дыспетчар адказвае толькі па-літоўску.
Павук сцвярджаў, што спрабаваў растлумачыць сітуацыю кіраўніцтву, папрасіў прабачэння перад калегам і выдаліў відэа з сеткі. «Я ведаю, што яна разумее рускую, але калі адмовілася казаць, я ўключыў запіс, каб даказаць начальству, што не парушаю дысцыпліны», – казаў ён журналістам.
Пасля публікацыі відэа сітуацыю пракаментаваў мэр Вільні Валдас Бенкунскас. Ён назваў паводзіны кіроўцы «абсалютна непрымальнымі» і адзначыў, што патрабаваць размовы па-руску «ў краіне, дзе дзяржаўная мова – літоўская, недапушчальна». Бенкунскас таксама прапанаваў вылучыць дадатковыя сродкі на моўныя курсы для работнікаў муніцыпальных прадпрыемстваў.
Прадстаўнікі VVT заявілі, што кампанія «не будзе цярпець зневажальнага і непаважлівага стаўлення да калег» і правяла ўнутранае расследаванне. У выніку яго Павук быў звольнены.
Беларус жыве ў Літве каля пяці гадоў і мае від на жыхарства. У Дэпартаменце міграцыі паведамілі, што не плануюць пазбаўляць яго гэтага статусу, аднак маюць намер запытаць у паліцыі ацэнку ягоных дзеянняў.
Са студзеня 2026 года ў Літве ўступае ў сілу новы парадак: усе замежнікі, якія працуюць у сферы абслугоўвання, абавязаныя валодаць літоўскай мовай. Муніцыпалітэт Вільні ўжо заявіў, што прафінансуе навучанне для работнікаў, каб пазбегнуць такіх канфліктаў у будучыні.