13 лістапада ў Лондане адбылася цырымонія ўзнагароджання прэміі Магніцкага, якую прысуджаюць журналістам, палітыкам і актывістам за абарону правоў чалавека з 2015 года. Штогод яе ўручаюць у Лондане па ініцыятыве Біла Браўдэра і Global Magnitsky Justice Campaign.
У гэтым годзе лаўрэатамі прэміі сталі Святлана і Сяргей Ціханоўскія. Выступаючы на цырымоніі ўручэння, Святлана Ціханоўская заявіла, што для яе вялікі гонар атрымаць прэмію Магніцкага і падзяліць яе з маім любым мужам Сяргеем.
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл зазначыла, што хацела б прысвяціць яе ўсім тым, хто, як і сам Сяргей Магніцкі, пакутуе за кратамі, але адмовіўся пакланіцца несправядлівасці.
— Мы прысвячаем яе Алесю Бяляцкаму, нашаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, які нават у турме ўсё яшчэ марыць пра свабодную, еўрапейскую Беларусь. Кацярыне Андрэевай, журналістцы, якая працягвала весці прамую трансляцыю, нават калі яе арыштоўвалі ў эфіры. Машы Калеснікавай, якая парвала свой пашпарт, адмовіўшыся пакінуць краіну пад прымусам. Анджэю Пачобуту, польска-беларускаму журналісту, які адмовіўся станавіцца на калені і прасіць «прабачэння» ў дыктатара. Міколе Статкевічу, афіцэру і палітыку, які адмовіўся ад незаконнай дэпартацыі і быў зноў выкрадзены прыспешнікамі Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі ў турмах застаюцца 1300 палітвязьняў, якіх рэжым Лукашэнкі ўзяў у закладнікі за любоў да сваёй краіны і да свабоды.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл