Беларуская Служба

Затрыманы Уладзімір Басько — адзін з заснавальнікаў беларускага ІТ-сектара і член Камісіі па вяртанні

26.11.2025 09:53
Басько стаяў ля вытокаў «Інфапарка» і ўдзельнічаў у стварэнні Парка высокіх тэхналогій.
 .
Уладзімір Басько. Фота: скрыншот БТ / Наша Ніва

Як паведамляе «Наша Ніва», сілавікі затрымалі генеральнага дырэктара асацыяцыі «Інфапарк» Уладзіміра Басько. Апошні раз ён з’яўляўся анлайн на пачатку лістапада. Публічна — у сярэдзіне кастрычніка на форуме «БанкІТ — 2025».

Паводле крыніц, затрыманне можа быць звязана са справай «Софтклуба». Дакладных прэтэнзій да Басько пакуль няма.

Уладзімір Басько — адна з ключавых постацяў беларускага ІТ. Ён стаяў ля вытокаў «Інфапарка» і ўдзельнічаў у стварэнні Парка высокіх тэхналогій, прадстаўляючы інтарэсы галіны перад дзяржавай. У 2023 годзе яго ўключылі ў дзяржаўную Камісію па вяртанні, якая павінна разглядаць пакаянні тых, хто выехаў з краіны праз рэпрэсіі.

Памятнай стала яго размова з Лукашэнкам у 2021 годзе, калі Басько асцярожна намякнуў пра магчымы зыход кіраўніка дзяржавы з пасады. Лукашэнка рэзка адрэагаваў.

Справа «Софтклуба» разгарнулася ў канцы кастрычніка. Сілавікі затрымалі кіраўніка кампаніі Уладзіміра Сіротку, а таксама шэраг банкаўскіх менеджараў. Іх падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў і карупцыйных схемах пры закупках ІТ-рашэнняў.