Беларуская Служба

Ціханоўская выступіла з ініцыятывай запуску групы «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Нарвегіі

02.12.2025 13:52
«Дзеля таго, каб быць паспяховымі, патрэбныя людзі і структуры, якія будуць прафесійна трымаць беларускае пытанне ў парадку дня».
 .   .
Візіт С. Ціханоўскай у Нарвегію. Фота: Офіс С. Ціханоўскай

1 снежня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Нарвегіі, падчас якога правяла шэраг сустрэч. Адной з тэм перамоў стаў запуск парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», абмяркоўвалі таксама новы ўнёсак у Міжнародны гуманітарны фонд, вырашэнне легалізацыйных пытанняў і падтрымку беларусаў.

Ціханоўская сустрэлася са спікерам парламенту (Стортынгу) Масудам Гарахані, міністрам замежных справаў Эспенам Бартам Эйдэ і міністрам развіцця Асмундам Аўкрустам.

Як адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, падчас размоў з прадстаўнікамі парламента абмеркавалі незалежнасць і бяспеку Беларусі, дэмакратыю і правы чалавека, а таксама магчымасці для беларусаў у Нарвегіі.

Дзеля таго, каб быць паспяховымі ў той ці іншай краіне, патрэбныя людзі і структуры, якія будуць прафесійна трымаць беларускае пытанне ў нарвежскім парадку дня, — адзначыў Лябедзька.

— І таму выключна важным бачу стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Нарвегіі — большую частку дыстанцыі мы ўжо прайшлі. Мы атрымалі падтрымку ад спікера і дэпутатаў, якія займаюцца міжнароднай дзейнасцю. Маем прадстаўнікоў ад трох фракцыяў, якія пагадзіліся стварыць такую групу.

Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у публічным мерапрыемстве ў Нарвежскім Хельсінкскім Камітэце. Там беларуская лідарка выступіла перад удзельнікамі з прамовай і распавяла пра сітуацыю цяпер: нягледзячы на працу па гуманітарным трэку і вызваленні, пераслед па палітычных матывах у Беларусі працягваецца кожны дзень.

«Летась вы дапамаглі запусціць Міжнародны гуманітарны фонд. Сотні палітвязняў і сотні іх сем'яў атрымалі дапамогу. Вядома, у лепшым свеце нам не спатрэбіўся б такі фонд. Але мы жывём у іншай рэальнасці. І палітзняволеным патрэбная наша падтрымка.

На жаль, арышты працягваюцца. Рэжым выкарыстоўвае людзей як тавар для гандлю. Адных вызваляе, іншых арыштоўвае. Вызваленых грамадзян Беларусі дэпартавалі сілай, пазбавілі дакументаў і выгналі з краіны, не даючы ім выбару застацца са сваімі сем'ямі. І пакуль мы змагаемся за вызваленне ўсіх, мы павінны пераканацца, што вызваленыя маюць выбар — застацца ці з'ехаць. І мы павінны пераканацца, што рэпрэсіі цалкам спыняцца.

Цяпер мы бачым акно магчымасцяў. Нявызначанасць вакол Украіны прымушае рэжым ісці на саступкі, і мы павінны гэтым цалкам скарыстацца. І цяпер мы не павінны здымаць ціск, а зрабіць яго яшчэ больш эфектыўным. Лукашэнка вызваляе людзей не з-за гуманнасці. Ён робіць гэта з-за ізаляцыі».

Падчас цырымоніі Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла спецыяльнага прадстаўніка Уле Тэр'е Хорпестада «Крыжам Добрасуседства», а Бэрыт Ліндэман, генеральную сакратарку Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, — медалём «За выдатную працу».

Офіс С. Ціханоўскай

нг