Беларуская Служба

Аплатны сэрвіс Wise пачаў блакаваць карткі беларусам і расіянам без еўрапейскіх дазволаў на жыхарства

02.12.2025 15:04
19-ы пакет санкцыяў Еўрасаюза набыў моц. Гэта ўжо маглі адчуць карыстальнікі картак Wise, а неўзабаве могуць адчуць кліенты «Альфа-банку», «ВТБ Банку» і «Сберу».
 .
Ілюстрацыйнае фота.pixabay.com

Аплатны сэрвіс Wise пастанавіў заблакаваць карткі карыстальнікаў з Расіі і Беларусі ў сувязі з 19-м пакетам санкцыяў Еўрасаюза. Каб карткі былі разблакаваныя, сэрвіс просіць кліентаў пацвердзіць, што яны маюць грамадзянства або дазвол на жыхарства ў Еўрапейскай эканамічнай зоне ці Швейцарыі.

Тых, каму заблакавалі карткі, праінфармавалі пра гэта праз электронную пошту. На лісты просяць адказаць да 30 студзеня 2026 года, прыкласці сканы дакументаў.

Паводле Wise, новыя санкцыі Еўразвязу «забараняюць наўпроставае ці ўскоснае наданне аплатных паслугаў грамадзянам Расіі і Беларусі або фізічным асобам, якія пражываюць у Расіі, а таксама юрыдычным асобам, арганізацыям ці органам, зарэгістраваным у Расіі».

Па інфармацыі Белсат, гэта няпраўда. У адпаведным афіцыйным тэксце такой забароны няма, а Беларусь згадваецца толькі ў кантэксце пашырэння санкцыяў на банкі «БелВЭБ» і «Белгазпрамбанк», увядзення санкцыяў супраць беларускіх «Альфа-банку», «ВТБ Банку» і «Сберу».

Кліенты гэтых банкаў сапраўды могуць адчуць увядзенне санкцыяў: хоць банкі запэўніваюць, што ўсе прадукты і паслугі працуюць у звычайным рэжыме, замежныя банкі могуць перастаць працаваць з іхнымі карткамі. Deutsche Welle адзначае, што кліенты падсанкцыйных банкаў маюць страціць доступ да аплатнага сэрвісу Apple Pay і падпісак на прадукты Apple.

Крыніца: Белсат

нг