Беларуская Служба

Жыхар Светлагорска, які знік, вяртаючыся з Польшчы, знайшоўся ў СІЗА ў Гомелі

02.12.2025 16:02
Імаверна, зняволенне мае палітычную матывацыю.
 .
Глеб Панасюк.Гомельская Вясна

34-гадовы жыхар Светлагорска Глеб Панасюк, якога шукалі ягоныя сябры з Польшчы, зняволены ў следчы ізалятар № 3 у Гомелі. Пра гэта праваабаронцам паведаміла крыніца ў карнай установе.

Прычым, да таго Глеб адбываў арышт у ізалятары часовага ўтрымання Гомеля паводле нейкай адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы маюць інфармацыю, што ягонае зняволенне мае палітычную матывацыю.

8 кастрычніка Глеб Панасюк паехаў з Польшчы, дзе ён жыў і працаваў апошнія гады, у родны Светлагорск, каб адведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён патэлефанаваў з Берасця сваім сябрам у Польшчы, што прайшоў мяжу і збіраецца перасядаць на цягнік у бок Светлагорска. Але пасля гэтага сувязь з ім знікла. Зараз праваабаронцы спрабуюць высветліць, у чым улады Беларусі абвінавачваюць Глеба Панасюка.

Крыніца: Гомельская Вясна

нг