Беларуская Служба

У Беларусі дзевяць месяцаў не публікуецца расклад судовых пасяджэнняў, які дапамагаў дакументаваць рэпрэсіі

06.12.2025 16:56
На партале электроннага судаводства публікаваўся расклад пасяджэнняў усіх судовых інстанцый Беларусі.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Графік пасяджэнняў у беларускіх судах ужо дзевяць месяцаў не публікуецца на партале электроннага судаводства (service.court.gov.by), інтэграванага ў сайт Вярхоўнага суда.

Паводле назіранняў «Позірку», 6 сакавіка сэрвіс яшчэ быў даступны для грамадскасці. Пазней пры спробе вывесці на экран расклад пасяджэнняў таго ці іншага суда стаў усплываць надпіс «Сэрвіс часова недаступны. Праводзяцца рэгламентныя работы». Пры гэтым тэрмін заканчэння гэтых работ пазначаны не быў. Цяпер гэты надпіс не адлюстроўваецца, панэль з календаром і спісам судоў прыбраная.

На пачатку чэрвеня прэс-служба Вярхоўнага суда распаўсюдзіла паведамленне, з якога вынікала, што расклад судовых пасяджэнняў будзе даступны толькі карыстальнікам сайта ВС з зарэгістраваным асабістым кабінетам. Адзначалася, што ў сувязі з папраўкамі ў Кодэкс грамадзянскага судаводства (набудуць моц 1 студзеня 2026 года) праводзіцца мадэрнізацыя «сэрвісаў электроннага суда E-court».

На партале электроннага судаводства публікаваўся расклад пасяджэнняў усіх судовых інстанцый Беларусі. У графіку працэсаў называліся прозвішчы абвінавачаных і інкрымінаваныя ім артыкулы Крымінальнага кодэкса.

З дапамогай гэтага сэрвісу праваабаронцы і СМІ маглі дакументаваць факты палітычных рэпрэсій.

Гэты ды іншыя спосабы ўтойвання раней даступнай грамадскасці інфармацыі праваабаронцы расцанілі як спробу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пераканаць міжнародную супольнасць у тым, што палітычныя рэпрэсіі ў краіне скончыліся і, адпаведна, падстаў для захавання ці ўвядзення новых санкцый няма.

вс