Беларуская Служба

Больш за 150 палітвязняў могуць выйсці на свабоду ў бліжэйшы час

12.12.2025 13:41
Афіцыйнага пацверджання вызвалення на момант публікацыі няма.
ТурмаShutterstock/Fanni_2021

У бліжэйшы час можа быць афіцыйна абвешчана пра вызваленне 150 беларускіх палітвязняў. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсату». Пра хуткае вызваленне часткі беларускіх палітвязняў таксама паведамляюць выданні Reform і MOST.

Гаворка ідзе пра 152 чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі, частка вызваленых будзе вывезеная з Беларусі ў Польшчу, частка – у Літву.

Паводле інфармацыі СМІ, з пачатку тыдня ў Мінску знаходзіўся намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Усходняй Еўропе Крыс Сміт. Пазней да яго далучыўся спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Паведамляецца, што ў чацвер Коўл сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Афіцыйнага пацверджання вызвалення на момант публікацыі няма.

Дарадчык Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заклікаў дачакацца пацверджанай інфармацыі.

«Мы будзем інфармаваць аб развіцці сітуацыі і магчымых вызваленнях, як толькі інфармацыя будзе пацверджана. Сітуацыя вельмі адчувальная, просім паставіцца з разуменнем», – падкрэсліў Вячорка.

вс