Беларуская Служба

Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава на свабодзе

13.12.2025 15:27
13 снежня рэжым Лукашэнкі вызваліў 123 палітвязняў, памілаваных, верагодна, прымусова вывезлі на тэрыторыю Літвы ды Украіны, паведамляюць правааабронцы.
   .
Вызваленне палітвязняў з Беларусі. У цэнтры Марыя КалеснікаваПроект «Хочу жить»/t.me/hochu_zhyt

У Беларусі 13 снежня адбылося чарговае вызваленне палітвязняў. Памілаванне адбылося пасля перамоў Лукашэнкі з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам. На дадзены момант вядома пра вызваленне 123 чалавек, у тым ліку грамадзяніна ЗША, Аўстраліі, Японіі, Польшчы, Літвы і Латвіі ды 5 грамадзян Украіны, пра што паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Лукашэнкаўскія прапагандысты заявілі, што вызваленне палітвязняў адбылося, «у межах дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь». 

Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае інфармацыю пра вызваленых. На дадзены момант вядома прозвішчы 16 чалавек:

кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі;

праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч

праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч;

юрыст Максім Знак;

журналістка, галоўная рэдактарка знішчанага ўладамі TUT.BY Марына Золатава;

былы прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка;

беларускі палітык, адзін з заснавальнікаў і лідараў моладзевага руху «Малады фронт» Павал Севярынец;

палітолаг Аляксандр Фядута;

грамадзянка Літвы Марыя Батальёнак, асуджаную за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»;

грамадзянін Польшчы Раман Галуза, асуджаны за «здраду дзяржаве», за кратамі ўтрымліваўся з ліпеня 2022 года;

грамадзянка Латвіі Ала Сакаленка, якой прызначылі сем гадоў за «агентурную дзейнасць»;

кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава

грамадзянін Японіі Наканісі Масатосі, асуджаны да сямі гадоў калоніі за «агентурную дзейнасць»;

Ілля Князеў, асуджаны за ўдзел у пратэстах да трох гадоў няволі;

грамадзянка ЗША беларускага паходжання Наталля Бельская;

Вячаслаў Папшо, вядомы як блогер «Жыве»;

Аляксандр Сырыца, баскетбольны суддзя і грамадзянін Аўстраліі беларускага паходжання, асуджаны ў красавіку 2025 года за каментары.

Прэс-сакратар МЗС Польшчы паведаміў пра тое, што Андрэя Пачобута няма сярод вызваленых палітвязняў. Па словах Святланы Ціханоўскай, Анджэй Пачобут быў у спісе, але яго не вызвалілі.

Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл