16 снежня ў Страсбургу падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламента прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Сёлета ўзнагарода прысуджаная беларускаму палітвязню, журналісту Анджэю Пачобуту і журналістцы з Грузіі Мзіі Амаглабелі.
Падчас цырымоніі ў Еўрапарламенце выступіла дачка Анджэя Пачобута Яна. Дзяўчына ў сваёй прамове нагадала, што «вось ужо амаль пяць гадоў мы жывём у маўчанні, нявызначанасці і без чалавека, якога любім».
«За кожным імем у справаздачах стаіць дом, гісторыя і людзі, якія чакаюць. Мой бацька – не толькі публічная асоба. Ён – муж, сын, сябар. І кожны з гэтых пяці гадоў мы не ведалі, як ён, ці ён у бяспецы. Але кожны дзень мы выбіраем надзею, бо надзея – адзінае, што ў нас не забралі. І мая сям’я не адна, – сказала дачка беларускага журналіста. – Ёсць шмат сем’яў, чые гісторыі адгукаюцца нашай. Сярод іх – гісторыя Міколы Статкевіча, які знік без усялякай інфармацыі, без кантакту, без адказаў. Яго сям’я кожную раніцу прачынаецца з тым жа страхам і той жа надзеяй, якія мы так добра ведаем. Я называю яго імя сёння не як палітычную заяву, а як напамін, што за кожным маўчаннем стаіць чалавечае жыццё і сям’я, якая мае права ведаць праўду. Калі мы вымаўляем гэтыя імёны ўголас, яны перастаюць быць статыстыкай. Яны зноў становяцца рэальнымі».
БАЖ/ав