Беларуская Служба

Пераезд вызваленых палітвязняў з Украіны павінен пачацца ў бліжэйшыя дні

16.12.2025 17:01
Па словах дыпламатычнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, зараз ідзе актыўная праца па ўзгадненні дэталяў выезду. У працэс уцягнуты прадстаўнікі некалькіх краін.
-
Прэс-канферэнцыя ў ЧарнігавеPAP/EPA/STRINGER

Пытанне выезду з Украіны ў ЕС вызваленых беларускіх палітвязняў пакуль не вырашанае з-за адсутнасці дакументаў і складанасцяў лагістыкі. Аднак сітуацыя пачынае праясняцца. Пра гэта «Люстэрку» распавёў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Па словах Кучынскага, зараз ідзе актыўная праца па ўзгадненні дэталяў выезду. У працэс уцягнуты прадстаўнікі некалькіх краін.

- Перш за ўсё мы каардынуем дзеянні паміж украінскім, амерыканскім, польскім і літоўскім бакамі па арганізацыі трансферу нашых герояў з Украіны. Чакаецца, што ён адбудзецца ў найбліжэйшыя дні. Ужо сёння павінна з'явіцца больш яснасці па дэталях і лагістыцы, – паведаміў саветнік.

Ён таксама адзначыў, што дапамогу гатовы аказаць і іншыя еўрапейскія дзяржавы.

- Мы на сувязі з Германіяй, Чэхіяй, іншымі еўрапейскімі краінамі, якія папярэдне гатовы аказаць дапамогу. Сёння ў Вільні я правяду брыфінг для паслоў NB8 (краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі. – Заўв. рэд.) і Іспаніі і таксама папрашу аб падтрымцы для вызваленых палітвязняў, – дадаў Кучынскі.

Ён падкрэсліў, што работа вядзецца практычна кругласутачна.

- Я знаходжуся ў пастаянным кантакце з еўрапейскімі і амерыканскімі калегамі. Непасрэдна на месцы ва Украіне вялікую працу праводзяць кіраўнік місіі дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна і прадстаўнік АПК па нацабароне Вадзім Кабанчук. Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская сумесна з праваабаронцамі каардынуе лагістыку па прыёме людзей у Літве і Польшчы, – распавёў ён.

Асобна Кучынскі падзякаваў партнёрам з ЕС за гатоўнасць дапамагчы, асабліва адзначыўшы Польшчу і Літву, а таксама Украіну, якая прыняла беларускіх палітвязняў і забяспечыла ім усе неабходныя ўмовы.

Люстэрка/ав