На памежных пераходах з Украінай і Беларуссю ў Люблінскім ваяводстве назіраецца паляпшэнне сітуацыі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Мытна-падатковай адміністрацыі Люблінскага ваяводства Міхал Дэрусь.
«Чэргі на выезд з Польшчы паступова змяншаюцца. За апошнія суткі агульная колькасць транспартных сродкаў, якія чакалі мытнага афармлення на выезд, скарацілася з каля 2500 учора на 20:00 да 1791 сёння раніцай. Гаворка ідзе пра сумарную колькасць легкавых аўтамабіляў, аўтобусаў і грузавікоў. На дадзены момант на выезд з Польшчы чакае 1791 транспартны сродак, у тым ліку 880 легкавых аўтамабіляў, 840 грузавікоў і 71 аўтобус», - паведаміў прэс-сакратар Мытна-падатковай адміністрацыі Люблінскага ваяводства.
Найбольш складаная сітуацыя застаецца на польска-ўкраінскім пункце пропуску ў Дарахуску. Там у чарзе на выезд з Польшчы, якая доўжыцца каля 34 гадзін, знаходзіцца каля 750 грузавых аўтамабіляў.
У сваю чаргу, на польска-беларускім памежным пераходзе ў Тэрэспалі час чакання для кіроўцаў легкавых аўтамабіляў складае прыкладна 13 гадзін. У чарзе стаіць каля 740 машын. Грузавы транспарт на гэтым участку афармляецца без значных затрымак.
Прадстаўнікі мытных службаў Польшчы падкрэсліваюць, што сітуацыя застаецца дынамічнай і залежыць ад інтэнсіўнасці руху, аднак тэндэнцыя да скарачэння чэргаў з’яўляецца станоўчай.
iar/эж