У Міністэрстве ўнутраных спраў Латвіі паведамілі, што ўрад краіны 22 снежня прыняў рашэнне аб падоўжанні да 30 чэрвеня 2026 года ўзмоцненага рэжыму аховы мяжы з Беларуссю.
«Рашэнне прынятае для забеспячэння непарушнасці дзяржаўнай мяжы і прадухілення пагроз дзяржаве, паколькі на латвійска-беларускай мяжы ўсё яшчэ выяўляецца непрапарцыйна вялікая колькасць спроб незаконнага перасячэння мяжы», – адзначылі ў МУС Латвіі.
Згодна з інфармацыяй ведамства, з 1 студзеня па 22 снежня 2025 года было прадухілена 12 тыс. 25 спроб незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы. З гуманітарных меркаванняў мяжу дазволілі перасячы 31 чалавеку, паведамляе Радыё «Свабода».
У МУС Латвіі адзначылі, што фіксуюцца пашкоджанні пабудаванага на мяжы з Беларуссю плоту, таму да канца 2026 году плануецца завяршыць аснашчэнне тэхнічнымі сродкамі памежнай інфраструктуры.
«Вайна супраць Украіны, ініцыяваная Расіяй і адкрыта падтрыманая Беларуссю, таксама ацэньваецца як дадатковы фактар рызыкі і магчымая матывацыя для Беларусі працягваць намаганні па дэстабілізацыі сітуацыі на дзяржаўнай мяжы з Латвіяй», – дадалі ў латвійскім ведамстве.
Пры неабходнасці ўрад Латвіі можа падоўжыць рэжым узмоцненай аховы мяжы з Беларуссю і пасля 30 чэрвеня 2026 года.
вс