Рамачную праграму супрацы Беларусі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне ўстойлівага развіцця на 2026–2030 гады падпісалі 29 снежня ў Мінску міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і пастаянны каардынатар ААН у краіне Расул Багіраў, паведамляе прэс-служба МЗС.
Праграма ёсць «стратэгічна выверанай дарожнай картай, што цалкам сінхранізаваная з нацыянальнымі прыярытэтамі Беларусі» – нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2040 года і праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады.
Спецдакладчык ААН па Беларусі: Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыкi рэпрэсій
«У рамачнай праграме вызначаныя чатыры стратэгічныя прыярытэты і адпаведныя доўгатэрміновыя вынікі па рэалізацыі кожнага з прыярытэтаў: чалавечае развіццё і дабрабыт для ўсіх; інклюзіўная і ўстойлівая эканамічная трансфармацыя; чыстае навакольнае асяроддзе для забеспячэння жыццядзейнасці людзей; інстытуцыйныя асновы для міру і развіцця», – гаворыцца ў паведамленні.
«Міністр замежных спраў са свайго боку выказаў пазітыўную ацэнку шматгадовай супрацы Беларусі і ААН, акцэнтаваўшы ўвагу на ўнёску Беларусі як краіны – заснавальніцы ААН у прасоўванне пазітыўнага парадку дня ў ААН, скіраванага на пабудову справядлівага і шматпалярнага свету», – гаворыцца ў паведамленні.
вх